Першы выпадак гнездавання пчалы, асы і вавёркі ў чалавечых парэштках апісалі навукоўцы з польскага Вроцлава на старонках часопісу «Forensic Science International», паведамляе Белсат.

«Ніхто раней не меў магчымасці апісаць выпадак гнездавання гэтых відаў жывёлінаў унутры чалавечых рэштак», — кажа Марцін Кадэй з Інстытут біялогіі асяроддзя Вроцлаўскага ўніверсітэту.

Цела знайшлі выпадкова ў 2016-м на адной з ялінаў у польскай Ніжняй Сілезіі, на вышыні 25 метраў над зямлёй. Імаверна, мужчына скончыў жыццё самагубствам. Калі рэшткі даставілі на кафедру судовай экспертызы Вроцлаўскага ўніверсітэту, эксперты знайшлі ў ім гнёзды звычайнай асы, меданоснай пчалы і звычайнай вавёркі.

Мужчына меў на сабе дзве пары штаноў. Гэта дапамагло перадухіліць дэфрагментацыю цела. Фота — Science Direct

Цела правісела на дрэве ажно 13 гадоў — і захавалася ў досыць добрым стане, бо часткова муміфікавалася. Паводле вучоных, гэта адбылося дзякуючы некалькім фактарам.

Па-першае, цела не мела кантакту з зямлёй, дзе б яго маглі з’есці лісы або барсукі.

Па-другое, атмасферныя ўмовы ў кроне дрэва адрозніваюцца ад тых, што пануюць непасрэдна каля зямлі — гэта мела вялікі ўплыў на тое, як раскладалася цела цягам гадоў.

Трэцяй прычынай быў факт, што цела знаходзілася ў вертыкальнай пазіцыі — гэта, кажуць навукоўцы, уплывае на сцяканне ўсіх вадкасцяў у арганізме і працэсы раскладання.

Чарговым фактарам было тое, што мужчына меў на сабе дзве пары штаноў, якія сталі дасканалым бар’ерам ад уплыву надвор’я на парэшткі і ўтрымлівалі цела ад распаду.

Адкрыццё не дае шмат судовай энтамалогіі: пчолы, восы і вавёркі не належаць да жывёлінаў, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у раскладанні людскіх целаў. Але, паводле біёлагаў, знаходка дае магчымасць па-новаму паглядзець на паводзіны гэтых відаў.

«Мы шмат ведаем, дзе яны жывуць, як развіваюцца, што ім даспадобы, але гэтае адкрыццё паказвае нам, што людскія парэшткі могуць быць для іх домам у выпадку, калі адпавядаюць патрабаванням гэтых жывёлінаў», — дадае Марцін Кадэй.

Адкрыццё паказвае, што жывыя арганізмы ва ўмовах натуральных экасістэмаў выкарыстоўваюць любую аптымальную для сябе магчымасць, каб засяліць дасяжную для іх у пэўным часе і месцы прастору.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?