Каля рэстарана «Паедзем паядзім» працягваюцца акцыі пасіўнага пратэсту: актывісты адгаворваюць наведнікаў ісці ў рэстаран, пабудаваны ля месца масавых растрэлаў НКВД.

Часам здараюцца эксцэсы.

Так адбылося і 29 жніўня, калі ў рэстаран прыехаў Аркадзь Ізраілевіч — бізнесмен, якога выданне «Новы час» называе датычным да ўстановы (але сам ён такую сувязь адмаўляе).

Аркадзь Ізраілевіч, фота з фэйсбука

Аркадзь Ізраілевіч, фота з фэйсбука

Па версіі пратэстоўцаў, Ізраілевіч накінуўся на іх і некаторыя добра атрымалі. У прыватнасці, аб траўме нагі заяўляе актывіст Дзяніс Урбановіч — яго Ізраілевіч, маўляў, моцна ўдарыў. 

У інтэрнэце выкладзенае відэа, на якім відаць, як ужо пасля атрымання траўмы Урбановіч сядзіць у міліцэйскай машыне і выцірае з нагі кроў пад штанамі.

Таксама ёсць фрагмент відэа, дзе Ізраілевіч тузаецца з Урбановічам, відаць таксама і пінок па назе. 

Відавочна, што бізнэсовец сапраўды паводзіць сябе агрэсіўна. 

Мы пазванілі яму, каб пацікавіцца прычынай. Варта таксама дадаць, што ў гэты ж дзень адбыўся суд па пазове Ізраілевіча да «Новага Часу», на які той не з'явіўся.

«Учора я на суд не збіраўся ісці, бо падняўся вэрхал у прэсе: «прыходзьце-прыходзьце». Адмоўных эмоцый мне хапала, таму я адправіў адваката. Потым сябар запрасіў мяне ў рэстаран «Паедзем паядзім». Яму 65 год, дзень нараджання адзначаўся, але нават музыкі не было — усё ціхенька. Словам, я, каб не правакаваць людзей, узяў кіроўцу, сеў на задняе сядзенне машыны — яна таніраваная, мяне не відаць. Але яны [пратэстоўцы] ж пазналі маю машыну. Спрабавалі адчыніць дзверы, кіроўца іх заблакаваў.

Урбановіч вось гэты залез на капот. Я выйшаў і кажу, што машына дарагая, навошта вы на яе садзіцеся? Я не магу нават даць каманду кіроўцу ад'ехаць, бо пачалі б крычаць, што я душу мірных дэманстрантаў. Я выйшаў неяк іх адагнаць, тут пачаліся абразы: маўляў, «пажэрці ў цябе час ёсць, а ў суд прыйсці — не», «у Ізраілі рэстараны будуйце» і ў такім духу», — агучыў прычыну агрэсіўных паводзін Ізраілевіч. 

«Потым Ганна Шапуцька мне стала ў твар камерай тыкаць: «Патлумачце, чаму не прыйшлі ў суд». Я зразумеў, што нічога тут не вырашыцца, і выклікаў міліцыю — гэта зрабіў я», — сцвярджае ён. 

Ізраілевіч і Шапуцька. Кадр з відэа на фэйсбуку. Калаж Радыё Свабода

Ізраілевіч і Шапуцька. Кадр з відэа на фэйсбуку. Калаж Радыё Свабода

«А што да ўдару… Дык на відэа відаць, што я не ў берцах якіх, а ў красоўках. Як там імі можна так ударыць, каб ён паўгадзіны сцякаў крывёю? Пры міліцыі яны пачалі крычаць, што я п'яны. Але праверка на месцы паказала, што цвярозы. Потым падышоў Павел Севярынец, не пускаў мяне ў рэстаран. 

Я спытаў: гэта ваша зямля, што вы мяне на яе не пускаеце? 

— Не, але ўсё роўна не пушчу.

У пратаколе, дарэчы, зафіксавана, што на машыне засталіся драпіны. Вось чаму я выйшаў, я абараняўся», — даводзіць Ізраілевіч. 

У падмацаванне сваёй пазіцыі ён выклаў відэа з машыны, але там не зафіксавана моманту, як Урбановіч залазіць на капот. Відаць толькі, як машыну блакуюць, стоячы перад ёй. 

Відаць толькі, як машыне не даюць праехаць. 

Таксама Ізраілевіч запэўніў «Нашу Ніву», што быў сведкам наступнай сітуацыі:

«Мяне неяк два здаровыя хлопцы не пускалі [у рэстаран], але я прайшоў. Потым яны адзін дагнаў і сказаў: маўляў, даруйце, я з Бабруйска, работы няма, а тут хоць дзвесце рублёў заробіш, стаю з 12 да 17», — сказаў ён. 

Вядома, доказаў сітуацыі Ізраілевіч не мае. 

Мы спыталіся ў каардынатаркі курапацкай варты Ганны Шапуцькі, ці сапраўды можа такое быць, што нехта стаіць там за грошы. 

«Гэта анекдот. Тут людзі стаяць за ідэю, а Ізраілевіч — актор. Хай ён прыедзе і апазнае гэтых дваіх, а тады будзем разбірацца, хто ім плоціць і за што. Зрэшты, можа яму «ціхары» з камерамі такое сказалі, што тут топчуцца? Што ім плоцяць, я паверу», — іранізуе Шапуцька. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?