У Беларусі будуць вынішчаць практыку дарэння падарункаў дактарам у знак падзякі, паведаміла начальнік упраўлення кадравай палітыкі, устаноў адукацыі Міністэрства аховы здароўя Вольга Маршалка падчас круглага стала ў БЕЛТА, прысвечанага абмеркаванню нормаў медыцынскай этыкі і дэанталогii.

Як распавяла Вольга Маршалка, пры наведванні бальніцы ў адной з прыбалтыйскіх краін яна звярнула ўвагу на надпіс «Найлепшая падзяка доктару — усмешка пацыента», якая была размешчана на дзвярах у доктара. «Такім чынам тут прафілактывалі «падзякі» з боку пацыентаў. Дарэчы, вельмі часта такая ініцыятыва зыходзіць менавіта ад пацыента, а не доктара», - сказала начальнік упраўлення.

Адказваючы на пытанне, ці могуць з'явіцца такія надпісы на дзвярах дактароў Беларусі, Вольга Маршалка адказала: «Мы разглядаем такую магчымасць. Актыўна вывучаем гэты вопыт. Наколькі нам вядома, ён прыносіць свой плён». Міністэрства аховы здароўя плануе рэалізаваць пэўныя прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на ўсталяванне большага ўзаемаразумення паміж медыкамі і пацыентамі. У міністэрстве разлічваюць, што гэта дазволіць выкараніць у пацыентаў саму думку аб магчымасці нейкай матэрыяльнай падзякі.

На думку дацэнта кафедры грамадскага здароўя БелМАПА Валерыі Сакольчык, гэта пытанне не арганізатараў аховы здароўя. Тут важна асвета насельніцтва, у тым ліку сіламі журналістаў. Патрэбныя тэматычныя перадачы, артыкулы, круглыя сталы.

У абноўленым праекце пастановы пра нормы медыцынскай этыкі і дэанталогіі гаворыцца, што медработнікі не павінны дапускаць здабывання камерцыйнай выгады. У гэтую норму укладвалася паняцце карупцыйных праяваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0