Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас перамоў у Мінску 11 і 12 лютага 2015 года з Ангелай Меркель, Франсуа Аландам і Пятром Парашэнкам пагражаў украінскаму прэзідэнту раздушыць украінскае войска.

Фота: kremlin.ru.

Фота: kremlin.ru.

Пра гэта экс-прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд напісаў у сваіх мемуарах, паведамляе ўкраінскае выданне «Тиждень».

«Парашэнка з Пуціным пастаянна павышалі голас адзін на аднаго. Расійскі прэзідэнт так разнерваваўся, што стаў пагражаць канчаткова раздушыць войска свайго візаві. Гэта паказала, што расійскія войскі на ўсходзе Украіны ёсць. Пуцін схамянуўся і ўзяў сябе ў рукі», — цытуе выданне мемуары французскага прэзідэнта.

Па словах Аланда, Парашэнка абараняў суверэнітэт Украіны, калі Пуцін патрабаваў аўтаномію для частак усходніх украінскіх рэгіёнаў.

«Парашэнка неадступна абараняў суверэнітэт сваёй краіны, тады як Пуцін дамагаўся аўтаноміі для паўстанцаў правінцый і хацеў адцягнуць спыненне агню яшчэ на тры тыдні. Ён быў настолькі жорсткім, што адмаўляў сваю прамую сувязь з верхаводамі сепаратыстаў, казаў, што не можа за іх вырашаць, патрабаваў, каб з імі пракансультаваліся», — піша Аланд.

Паводле яго слоў, перамовы прасоўваліся вельмі павольна з вялікай колькасцю пярэчанняў. Затым Пуцін заявіў, што яму трэба пракансультавацца з верхаводамі сепаратыстаў.

«Пуцін выходзіць патэлефанаваць. Праз некалькі хвілін ён вяртаецца і паведамляе, што сепаратысты — тыя самыя, пра якіх ён казаў раніцай, маўляў, іх не ведае, — згодны», — адзначыў Аланд.

Акрамя таго, як адзначае выданне, Аланд, не вагаючыся, вызначае вінаватых у падзенні самалёта МН-17.

«За некалькі месяцаў да перамоў, у ліпені 2014-га, ракета, якую выпусцілі прарасійскія баявікі, неспадзявана збіла ў раёне Данецка самалёт Malaysia Airlines і забіла 298 пасажыраў, з якіх 80 былі дзецьмі», — напісаў экс-кіраўнік Францыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0