Уначы 22 ліпеня з крамы адзення на праспекце Незалежнасці былі скрадзеныя $10 тысяч, прызначаныя для набыцця новага абсталявання. Зламыснік трапіў у памяшканне, узламаўшы дзвярныя замкі, паведамляе МУС.

Следчыя высветлілі, што ў суседняй краме бытавой хіміі замкі таксама былі зламаныя. У памяшканні быў беспарадак, зніклі прылады для галення.

Абедзве гандлёвыя кропкі не былі абсталяваны сігналізацыяй, відэакамеры былі ўсталяваныя толькі ў краме бытавой хіміі.

Супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку Першамайскага РУУС г.Мінска быў вызначаны падазраваны ў крадзяжы. Ім аказаўся 45-гадовы мінчанін. Раней мужчына ўжо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзяжы з крамаў.

Цяпер ён адбывае пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу, а на момант здзяйснення злачынства знаходзіўся ў кароткатэрміновым трохдзённым адпачынку.

Грошы былі канфіскаваныя ў падазраванага амаль у поўным аб'ёме — ён схаваў іх дома, каб пасля купіць машыну.

Мінчуку пагражае ад двух да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0