Ад 31 жніўня пасада міністра энергетыкі перастала быць вакантнай. Новым кіраўніком стаў Віктар Каранкевіч, сталы супрацоўнік міністэрства.

Нагадаем, што затрыманне (якое так і не пацвердзілі сілавікі) былога міністра Уладзіміра Патупчыка адбылося больш за 3 месяцы таму.

Энергетычная сям’я

Каранкевіч — чарговы адносна малады чыноўнік. Яму 42 гады.

Ён нарадзіўся ў Кіраўску (Магілёўская вобласць). Маці выкладала музыку ў дзіцячым садку і школе, бацька Міхаіл быў энергетыкам. Працаваў інжынерам, начальнікам раённай дыспетчарскай службы.

У Міхаіла Каранкевіча двое сыноў: Антон і Віктар. Абодва яшчэ з дзяцінства вырашылі ісці па бацькавых слядах.

«Яшчэ ў школе прыходзілі да таты на працу, вельмі падабалася, было цікава. Я нават у сачыненнях пісаў, што буду энергетыкам», — распавёў «Нашай Ніве» Антон Каранкевіч.

Антон (злева) і Віктар Каранкевічы.

Антон (злева) і Віктар Каранкевічы.

Яго мара здзейснілася — Антон стаў намеснікам дырэктара ў Бабруйскіх электрасетках. А яго брат Віктар, як відаць, даслужыўся да міністра.

Бацькі Каранкевічаў сёння на пенсіі, працягваюць жыць у Кіраўску.

Цікава, што Каранкевіч — вельмі распаўсюджанае прозвішча ў Кіраўску. Мясцовыя кажуць, што род ішоў з вёскі Хамічы, якая была побач. Там, маўляў, амаль усіх звалі Каранкевічамі, незалежна ад сваяцтва.

«Гэта праўда. Наша сям’я таксама вядзе род з тых Хамічоў, — пацвердзіў Антон Каранкевіч. — Мае бабуля з дзядулем сваякамі не былі, вядома ж. Але і ў дзядулі прозвішча Каранкевіч, і бабуліна дзявочае — Каранкевіч. У маці з бацькам тое самае — абое Каранкевічы».

Вучыўся ў прыватнай ВНУ

У 1997 годзе Віктар Каранкевіч скончыў недзяржаўны Інстытут сучасных ведаў. Пазней, праўда, працягнуў вучобу. У 2005 годзе ён скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. А пасля яшчэ давялося адвучыцца ў Акадэміі кіравання.

Усё жыццё ў энергетыцы

Працаваць Віктар пачаў з 1997 года. Галіна працы, натуральна, энергетыка. З 1997 па 2004 год Каранкевіч займаў пасады спецыяліста і вядучага спецыяліста ў розных структурах Беларускага дзяржаўнага энергетычнага канцэрна.

У 2004—2006 гадах быў начальнікам фінансавага аддзела, намеснікам начальніка ўпраўлення фінансаў, уліку і справаздачнасці Беларускага дзяржаўнага энергетычнага канцэрна (цяпер — «Белэнерга»)

З 2006 па 2012 год займаў пасаду начальніка галоўнага эканамічнага ўпраўлення Міністэрства энергетыкі Беларусі. У 2012 годзе прызначаны намеснікам міністра энергетыкі, у 2017 годзе — першым намеснікам міністра.

Ужо не жанаты

Сёння Віктар Каранкевіч не жанаты. Пэўны час таму ён развёўся. Але мае дарослае дзіця — сыну Віктара 22 гады.

Хобі ў новага міністра тыповыя мужчынскія: рыбалка і спорт. Сваякі кажуць, ён вялікі аматар футбола.

Абяцаў не мяняць тарыфы

Віктар Каранкевіч — персона не публічная. Звычайна ён з’яўляўся ў навінах падчас адкрыцця энергетычных аб’ектаў ці выступаючы з праграмнымі заявамі. Так, напрыклад, у канцы 2017 года Каранкевіч абяцаў, што тарыфы на электрычную энергію пераглядацца не будуць. Маўляў, беларуская дыферэнцыяваная сістэма дастаткова паспяховая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?