Аўтамабіль УАЗ 29 жніўня перакуліўся каля пасёлка Партызанскі, што ў Вілейскім раёне. Падчас аварыі ў 91-гадовага пасажыра машыны здарыўся сардэчны прыступ, піша mlyn.by.

Як распавяла інспектар ДАІ Мінаблвыканкама Алена Сакалова, за рулём аўтамабіля быў 57-гадовы мужчына. На закругленні дарогі ён не справіўся з кіраваннем, з'ехаў у левы кювет і перакуліўся.

Па словах Алены Сакаловай, 91-гадовы пасажыр атрымаў удар пераносся і гематому ілба. Але ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы старэнькі мужчына дастаўлены з ішэмічнай хваробай сэрца.

— Можна меркаваць, што аварыя стала сур'ёзным стрэсам для пенсіянера і справакавала сардэчны прыступ, — сказала Алена Сакалова.

Інспектар ДПС аддзялення ДАІ Вілейскага РАУС Мікалай Траццяк выязджаў на месца здарэння. Ён удакладніў:

- УАЗ, які вёз пенсіянера, - машына хуткай медыцынскай дапамогі. Яна везла старога пацыента з пасёлка Партызанскага ў бальніцу. Адразу пасля аварыі з Вілейкі выклікалі іншую машыну хуткай дапамогі. Яна забрала пацыента і даставіла яго да стацыянара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0