Жнівеньскі візіт Аляксандра Лукашэнкі на прадпрыемствы Аршанскага раёна скончыўся скандалам. Лукашэнка застаўся незадаволеным станам і аршанскага інструментальнага завода, і завода «Тэхніка сувязі», які знаходзіцца ў Барані. У выніку, паляцелі галовы міністраў.
У Барані Лукашэнка прайшоўся па памяшканнях, якія не падрыхтавалі да яго візіту. Па словах самога Лукашэнкі, яго там сустрэлі «дохлыя пацукі, мышы, прэзерватывы і іншая нарката».
«Дохлыя пацукі» дорага каштавалі і дырэктарцы Валянціне Вішнеўскай. Па словах супрацоўнікаў, неўзабаве пасля прыезду Лукашэнкі яна «звольнілася паводле ўласнага жадання». З пачатку верасня пасаду кіраўніка «Тэхнікі сувязі» заняў Андрэй Фамін.
Таксама сваю пасаду вызваліла намесніца дырэктара па ідэалогіі і кадрах Наталля Злобіч.
А нядаўна мясцовыя жыхары заўважылі некалькі тон смецця, мэблі і запчастак, якія вывезлі з «Тэхнікі сувязі».
Як піша orshatut.by, вычысціць памяшканні завода спяшаліся да 1 верасня — нібыта баяліся «кантрольнага візіту» Лукашэнкі. На грандыёзную ўборку прывезлі нават людзей з іншых прадпрыемстваў.
У выніку, некалькі тон адправіліся на так званы смецевы палігон — месца, якое «Тэхніка сувязі» пераўтварыла ў звалку, і куды даўно адпраўляе свае будаўнічыя адкіды.
Цяпер бетон апынуўся пад смеццем з вычышчаных цэхаў і бульдозер засыпаў усё зямлёй. Але «пахаваныя» дрэва і пластмаса гараць пад зямлёй. Утварыліся кратэры, праз якія выходзіць задушлівы смярдзючы дым і распаўсюджваецца па наваколлі, піша orshatut.by.
Пагаварыць з новым дырэктарам завода наконт смецця не атрымалася. Па словах сакратаркі, Андрэй Фамін увесь дзень правёў на вытворчасці.





