pxhere.com
Пакуль што для з'яўлення эмбрыёнаў пры экстракарпаральным апладненні (ЭКА) могуць выкарыстоўвацца палавыя клеткі людзей, якія знаходзяцца ў шлюбе паміж сабой і сумесна звярнуліся па ЭКА.
Прапануецца даць такую магчымасць парам, якія афіцыйна не зарэгістравалі шлюб. Пра гэта ішла размова на круглым стале ў Савеце Рэспублікі, на якім абмяркоўваліся папраўкі ў закон аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях (ДРТ), паведамляе БЕЛТА.
Гэтае пытанне выклікала гарачае абмеркаванне. На думку адных удзельнікаў круглага стала, нельга ігнараваць існуючыя тэндэнцыі. У Беларусі ёсць пары, якія не пабраліся афіцыйна шлюбам і маюць сумесных дзяцей. Яны паспяхова рэалізуюць сваё права на мацярынства і бацькоўства.
Былі і тыя, хто выказаўся супраць гэтага новаўвядзення. «Менавіта інстытут шлюбу і сям'і абараняе правы жанчыны і дзіцяці», — лічаць іншыя.
На думку ўдзельнікаў круглага стала, калі парам ў грамадзянскім шлюбе дадуць магчымасць рабіць ЭКА, неабходна досыць сур'ёзна прапрацаваць нарматыўную базу, каб забяспечыць абарону народжанага дзіцяці і ў наступным яго маёмасныя правы.
Абмяркоўваліся і іншыя папраўкі.
У дзеючым заканадаўстве сурагатнай маці можа быць жанчына ад 20 да 35 гадоў. Узроставыя межы ў такіх выпадках прапануецца пашырыць да 49 гадоў уключна. Акрамя таго, у законапраекце дапускаецца, што такая жанчына можа не быць замужам, але толькі ў тым выпадку, калі ў яе ёсць дарослыя дзеці і няма непаўналетніх.
У праекце закона прапануецца таксама павялічыць ўзроставы парог для донараў палавых клетак: з 40 да 50 гадоў для мужчын і да 49 гадоў уключна — для жанчын. Пры гэтым у першым выпадку гаворка ідзе як пра ананімных, так і пра неананімных донараў. У другім — толькі пра неананімных донараў з ліку сваячак пацыенткі. Прапанову аб павелічэнні ўзроставага парога донара сперматазоідаў паступіла ад навукоўцаў-генетыкаў. Па іх звестках, да 50 гадоў ўзрост донара сперматазоідаў ніяк не ўплывае на верагоднасць паспяховага зачацця.
За гады практыкі прымянення дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій у Беларусі нарадзілася больш за 10 тыс. дзяцей, зачатых з дапамогай гэтых тэхналогій.





