Фота Антона Матолькі.

Фота Антона Матолькі.

Калі пачалося сёлетняе супрацьстаяньне ў Курапатах, дзе-нідзе назвалі яго выпрабаваньнем для ўсяго беларускага народу. Шчыра сказаць, мне вельмі хацелася б, каб яно так і было. Але народ, здаецца, шчэ не ачухаўся з летаргічнага сну. Курапаты, як было кімсьці слушна заўважана, гэта іспыт найперш не грамадзтва, а эліты. Бо з каго перадусім будзе спытана гісторыяй: з рабацягі МТЗ ці з кіраўніка дэмакратычнай партыі? З каго за дзеяньне ці бяздзеяньне Бог спытае перадусім: з бабулькі, якая па нядзелях у храм ходзіць ці з кіраўніка царквы?

Здавалася б, Курапаты — сама тое месца, каб усім згуртавацца, узьняць голас — і перамагчы. Бо калі яшчэ сітуацыю аднолькава ацэньвалі і Андрэй Дынько (рэдактар незалежнай Нашай Нівы), і Мікалай Чаргінец (кіраўнік пралукашэнкаўскага пісьменьніцкага саюзу), якія ва ўнісон заяўляюць, што Курапаты — сьвятое месца для ўсяго беларускага народу, а кабак каля нацыянальнага нэкропалю — ганьба, — калі і па якой тэме мы яшчэ сустрэнем такое аднадумства правых і левых, нашых і вашых? 

Таму ў Курапатах церпяць тое, што ў іншым месцы цярпець ня стануць. Курапаты — адзінае месца, дзе я дзень трымаю бел-чырвона-белы сьцяг — і ня маю за гэтага ніводнага пратакола, а ўвечары не з валацугамі акрэсьцінскім смуродам дыхаю, а дзетак дома спаткі ўкладваю.

Падавалася б, любая здаровая грамадзкая ці палітычная сіла павінна усімі рукамі ўчапіцца за гэтую магчымасьць, стаць ля Курапатаў, каб сотні, а тое і тысячы беларусаў бачылі з кальцавой у тваіх руках забаронены, але высока ўзьняты нацыянальны сьцяг. Замест гэтага мы маем заяву партыі нацыянальных інтарэсаў пра тое, што яна сыходзіць з Курапатаў.

Адзін хрысьціянін сказаў мне: «Курапаты-2018 — гэта рэквіем па ўсёй беларускай апазіцыі». Яно і сапраўды, калі падумаць, сьпісы ў Мінюст усе падаюць на тысячу а тое і некалькі тысяч актывістаў, але ў Курапатах стаіць па некалькі чалавек, а некаторыя партыі нікога знайсьці ня могуць на абарону «сьвятога для ўсяго народу месца». Але я запярэчыў, бо

Курапаты — гэта рэквіем па ўсёй беларускай (альтэрнатыўнай) эліце ці па ўсёй інтэлігенцыі — назавіце гэта як заўгодна.

Перадусім мяне дзівіць пазіцыя тых, хто, па іхным уласным вучэньні, павінен несьці сьцяг Праўды. Я пра царкву Хрыстову. Паводле Бібліі кроў нявінна забітых, ад крыві Авеля, штодня крычыць да Бога. У апошняй кнізе Бібліі, Адкрыцьці Яна, нявінна забітыя праведнікі галосяць: «Дакуль, Уладару Сьвяты і Праўдзівы, ня судзіш і ня помсьціш за кроў нашу жыхарам зямлі?» (Адкр. 6:10). І ці мала гэтай нявіннай крыві крычыць з Менскіх, віцебскіх і іншых Курапатаў па ўсёй Беларусі? Шмат. Але царква маўчыць.

Праваслаўная царква, якая мае выключныя пазыцыі ў Беларусі, выключна глуханямая. Адзінае што атрымалася — журналістам «Свабоды» ўзяць каментар у прэс-сакратара БПЦ Сяргея Лепіна, які асудзіў калякурапацкі кабак. Дзякуй яму за гэта!

(Ягоную цытату мы надрукавалі ў новых буклетах, якія раздаюцца ў Курапатах і рэстаранах Зайдэса). Але ж гэта прыватнае выказваньне, а не пазіцыя мільённай праваслаўнай царквы. Чаму ж БПЦ глуха і нема да крыку крыві тысяч і тысяч нявінна забітых?

Спатрэбілася два месяцы супрацьстаяньня ў Курапатах, каб кіраўнік каталіцкага касьцёлу Кандрусевіч асудзіў кабак у Курапатах. Нізкі паклон яму за гэта! Але ці гэта ўсё, што можа зрабіць Касьцёл?

Калі чытаеш гісторыю пра каталіцкіх герояў веры, такіх як Ежы Папялушка і Ян Павал ІІ, то зьяўляецца «ерэтычная» думка, што зрабіць можна болей. Уявіце, каб Кандрусевіч заклікаў вернікаў штонядзелю прыходзіць на малітву ў Курапаты, доўга пратрымаўся б бульбашжор ля Курапацкіх ямаў?

Але больш за ўсё мне, як пратэстанту, балела маўчаньне пратэстантаў. Я думаў, ладна праваслаўныя — пад ціскам Масквы і пятой галоўнакамандуючага, ладна каталікі — ім новыя касьцёлы трэба будаваць, але ж пратэстанты! — самой назвай пакліканы, каб заявіць пратэст беззаконьню. Я думаў, разьбяруцца праз месяц. Але нямыя. Думаў, разьбяруцца праз два. Але глухія. Думаў, разьбяруцца праз тры. І вось чытаю: подпіс усіх пратэстанцкіх япіскапаў Беларусі аб’яднаў зварот… — не, не пра Курапаты, — зварот да Лукашэнкі пра абарону ад ЛГБТ-прапаганды. Ведаеце, мне, — зьмешчанаму ва ўсе ЛГБТэшныя чорныя сьпісы «гамафобаў», як яны гэта называюць, — мне ўпяршой стала сорамна, што я пратэстант.

Безумоўна, і тут ёсьць важныя выключэньні. Сам я хаджу ў пратэстанцкую царкву, амаль усе чальцы якой некалькі разоў на тыдзень праводзяць у Курапатах і талокі, і малітвы, і мы ўсталёўвалі крыжы. Але ж гэта «голас лямантуючага ў пустыні». А вось кіраўнікі пратэстанцкія і царква дадуць фору ў глухасьці і немасьці нават праваслаўным пад расейкім патрыярхатам.

У гэтай сітуцыі ўпяршой шкада і Лукашэнку — не адну брыгаду сьледчых трэба сабраць, каб пашукаць у ягонай рэпрэсіўнай дзяржаве прапаганду ЛГБТ.

У сёньняшняй беларускай рэальнасьці прасіць абароны ад садоміі ды яшчэ і ў Лукашэнкі, гэта як… Гэта як у 1937-ым прасіць камуністаў расстрэльныя сьпісы пісаць без памылак. Гэта як 1943-ім прасіць нацыстаў медычнай дапамогі для габрэяў перад забойствам газавымі камерамі. Гэта як злачынец са зброяй залез у вашую хату, а вы заместа таго, каб бараніць сябе і дзіцёнка просіце злодзея: не лайся матам, бо гідка нам гінуць у такой непрыстойнай атмасферы.

Курапаты сёньня — гэта прызма, праз якую выяўляецца сутнасьць многіх сфер нашага грамадзтва. Магчыма, па нейкіх зь іх павінен прагучаць рэквіем. Нешта павінна памерці, каб потым уваскрэснуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?