Сям'я Крыстыянсэн, якая валодае Lego, вырашыла ў будучыні адмовіцца ад вырабу цацак з пластыку

Ужо сёлета ў продаж мусяць паступіць першыя элементы знакамітага канструктару, вырабленыя з поліэтылену на аснове цукровага трыснягу, паведамляе на сваім сайце кампанія. Гэта будуць дэталькі, якія імітуюць дрэўцы, кусты ды лісце.

 

Як сцвярджае кампанія, візуальна ды навобмацак адрозніць дэталькі з арганічнай пластмасы ад звычайных будзе амаль немагчыма.

Lego збіраецца да 2030 года цалкам перайсці на экалагічныя матэрыялы ў канструктарах і ўпакоўцы. Пры гэтым яна будзе адмыслова сачыць, каб цукровы трыснёг для сыравіны вырошчваўся экалагічным спосабам. 

Сям'я Крыстыянсэн заснавала Lego ў 1932 годзе. Дарэчы, назва кампаніі паходзіць ад дацкага выразу leg godt, што значыць «гуляйся добра». З таго часу кампанія ператварылася ў аднаго з найбуйнейшых вытворцаў цацак у свеце з гадавым абаротам, большым за $2 мільярды.

Цікава, што спачатку кампанія вырабляла маленькія цацкі з дрэва, а на пластык перайшла толькі ў 1947 годзе. Цяпер, у нейкім сэнсе, Lego вяртаецца да каранёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?