Вольга Чакулаева, facebook.com/olga.chekulaeva.3
У мінскім парку Горкага знішчылі знакамітую вярбу на цэнтральным уваходзе. Разгалістае дрэва некалькі дзесяцігоддзяў сустракала наведвальнікаў парка і было адной з яго візітовак. Фотаздымкі таго, як прадстаўнікі «Зелянбуда» пілуюць і вывозяць вярбу, апублікавала ў «Фэйсбуку» Вольга Чакулаева, піша Еўрарадыё.
Начальнік Цэнтральнага дзіцячага парку імя Горкага Руслан Касевіч распавёў Еўрарадыё, што для вярбы не было іншага лёсу, акрамя вырубкі:
«Дрэва прыйшло ў непрыгоднасць. Ёсць акт абследавання з Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На дрэве ёсць гніль і пашкоджанні, а два тыдні таму абвалілася велізарная галіна. Вярба прадстаўляла небяспеку для наведвальнікаў парка».
Па словах чыноўніка, замест вярбы прадугледжаны кампенсацыйныя пасадкі. Будзе гэтае невялікае маладое дрэва ці перасаджанае дарослае — пакуль невядома.
Лідар грамадскай ініцыятывы «Гарадскі ляснічы» Ігар Корзун пацвердзіў Еўрарадыё, што вярба магла быць хворай. «Але ёсць вялікае пытанне: ці даглядалі гэтае дрэва належным чынам? Побач вялікая дарога [васьміпалосны праспект Незалежнасці. — Еўрарадыё] — цалкам верагодна, што дрэва магло захварэць, — распавядае Ігар Корзун. — І яшчэ адно пытанне: што з’явіцца на месцы спілаванага дрэва? Бо калі там з’явіцца нейкі тонкі дубчык, дык які ў гэтым сэнс?»