Ватыканская Аптэка анансавала запуск сваёй першай лінейкі парфюмерыі, у склад якой увайшлі чатыры водары — «золата», «кадзіла», «мірра» і «ружа містычная». Пра гэта са спасылкай на ватыканскія СМІ паведамляе catholic.by са спасылкай на rublev.com.

Назвы першых трох водараў пераклікаюцца з евангельскім аповедам пра Нараджэнне Хрыста, якому мудрацы прынеслі золата, кадзіла і мірру (Мц 2, 9-11). Ружа містычная — адно з існуючых у каталіцтве зваротаў да Божай Маці.

Духі выпускаюць аптэкары-баніфраты — члены ордэна гаспіталістаў святога Яна Божага, «браты міласэрнасці». На стварэнне калекцыі іх натхнілі словы з Кнігі Прыпавесцяў Саламона: «Духмянасць і кадзіла радуюць сэрца».

Як адзначыў дырэктар Ватыканскай аптэкі Томас Бініш Мулакаль, 2018 год стаў асаблівым для яго ўстановы: ідзе працэс рэформы, якая дазволіць удасканаліць абслугоўванне тысяч наведвальнікаў аптэкі Ватыкана.

Згодна з ідэяй стваральнікаў парфюмернай калекцыі, новыя духі закліканы наноў адкрыць для вернікаў ролю водараў у хрысціянскім жыцці.

Пры стварэнні водараў супрацоўнікі аптэкі звярталіся да раслін, якія здаўна выкарыстоўваліся на Святой Зямлі і ў Міжземнамор’і для стварэння пахаў. У склад духоў увайшлі кампаненты алоэ, шафрана, ружа, сандалавага дрэва, карыцы, герані, бергамота і інш.

Ватыканскую аптэку называюць самай загружанай аптэкай у свеце: штодзень яе супрацоўнікі абслугоўваюць ад 2 да 2,5 тысяч кліентаў. Каля палова з іх — жыхары Ватыкана, супрацоўнікі Рымскай курыі і іх сем’і. Другая палова — турысты.

Да ўласнай вытворчасці аптэкі належаць наступныя тавары: крэм для прадухілення пролежняў, эліксіры з анісу і хініну, шэсць водараў мыла, лавандавая вада, ласьён супраць акнэ і спецыяльны ласьён пасля галення.

Усяго ў аптэцы прадстаўлена каля 42 тысяч найменняў — лекі, сродкі асабістай гігіены і касметыкі з Італіі, Швейцарыі, Францыі, Германіі і ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0