Трое выхаванцаў спецвучылішча № 2 у Магілёве ўцяклі з лагера, перасеклі мяжу Беларусі і хаваюцца на тэрыторыі Смаленскай вобласці, паведамілі ва УУС Магаблвыканкама. Міліцыя апублікавала фота і прыкметы падлеткаў.

Фота: УУС Магаблвыканкама

Фота: УУС Магаблвыканкама

Навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага спецыяльнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 2 дрэваапрацоўкі 30 жніўня 2018 года самавольна сышлі з тэрыторыі падлеткавага лагера «Адраджэнне» пры Магілёўскай епархіі Мсціслаўскага раёна. Пасля гэтага падлеткі наўмысна выехалі на тэрыторыю Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Падлеткі хаваюцца ад супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ўхіляюцца ад праходжання навучання ў спецустанове.

Як распавёў TUT.BY дырэктар спецвучылішча Віталь Лебедзеў, падлеткам па 17 гадоў. Сярод іх — адзін з тых, хто ўжо ўцякаў раней і цяпер праходзіць пацярпелым па справе супраць экс-кіраўнікоў СПТУ, якіх вінавацяць у збіцці навучэнцаў. Дырэктар спецвучылішча падкрэсліў, што двое падлеткаў неўзабаве павінны былі пакінуць СПТУ, але «адзін іх падбіў на ўцёкі».

Янкоўскі Іван Леанідавіч (на фота злева), 08.01.2001 г.н., раней пражываў у а.Абухава Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці, раней судзімы за крадзеж маёмасці. Прыкметы: на выгляд 15—18 гадоў, рост 170 см, сярэдняга целаскладу, вочы зялёныя, валасы цёмнага колеру, бровы дугападобныя.

Талкачоў Дзмітрый Васільевіч (на фота ў цэнтры), 07.12.2000 г.н., раней пражываў у в. Купяцічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, раней судзімы за крадзеж маёмасці. Прыкметы: на выгляд 14—17 гадоў, рост 160 см, сярэдняга целаскладу, вочы блакітныя, вушы адтапыраныя, валасы русыя, бровы дугападобныя. Асаблівыя прыкметы: на ўнутраным баку левага сцягна маецца радзімы знак, на вонкавым баку кісці правай рукі шнар ад апёку даўжынёй каля 4 см.

Будзько Віталь Уладзіміравіч (на фота справа), 07.07.2001 г.н., раней пражываў у г.п. Лельчыцы Гомельскай вобласці, раней судзімы за крадзеж транспартнага сродку. Прыкметы: на выгляд 15—18 гадоў, рост 160 см, хударлявага целаскладу, вочы блакітныя, валасы светлыя, бровы дугападобныя, светлага колеру. Асаблівыя прыкметы: на стопе левай нагі татуіроўка ў выглядзе лічбаў «11», на кісці левай рукі маецца шнар ад вывядзення татуіроўкі.

Тых, хто валодаюць звесткамі аб канкрэтным месцазнаходжанні хлопцаў, просяць паведаміць ва ўпраўленне крымінальнага вышуку УУС Магілёўскага аблвыканкама па тэлефонах:
+375 222 295510,
+375 222 295555,
+375 33 612 98 69,
або 102, або ў бліжэйшае аддзел міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?