Паўмарафон-2018. Фота Уладзіславы Хаўратовіч.
— Усю дыстанцыю я прабег з бел-чырвона-белым сцягам. Людзі падтрымлівалі, фатаграфаваліся, крычалі «Жыве Беларусь!» Кожныя пяць хвілін, як і летась, — расказаў малады чалавек «Салiдарнасцi». — Атрымаў медаль, пасля чаго мяне ўзялі пад рукі — я ж быў знясілены — і павалаклі ў аўтазак. Там паўгадзіны дапытвалі людзі ў цывільным — пыталіся, маўляў, навошта табе гэта трэба, навошта ты гэта зрабіў?
Потым яго павезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна, дзе склалі два пратаколы і пратрымалі каля трох гадзін.
— Копій пратаколаў не выдалі і канфіскавалі сцяг. Хацелі трымаць і надалей, але мне стала кепска — я ж з самай раніцы пасля паўмарафона нічога не еў і амаль не піў. Цяпер, як сказалі ў міліцыі, будуць вырашаць, ці ёсць у маіх дзеяннях склад правапарушэння.