Фота з Фэйсбуку Юрыя Меляшкевіча.

Фота з Фэйсбуку Юрыя Меляшкевіча.

Акцыі пратэсту супраць рэстарана «Паедзем, паядзім» ва ўрочышчы Курапаты, дзе расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, будуць працягнутыя, заявіла грамадская актывістка Ганна Шапуцька на сходзе абаронцаў Курапатаў. Мерапрыемства з удзелам каля 80 чалавек прайшло 9 верасня каля ўваходу ў рэстаран, перадае «Новы час».

Шапуцька падзякавала аднадумцам за тое, што яны прыйшлі на сход. Яна нагадала, што цяпер «за кратамі застаюецца лідар курапацкай варты Павел Севярынец, які марыў, каб на гэты сход прыйшло шмат людзей».

«Будзем лічыць, што гэта толькі першая хваля. Наступны раз нас будзе яшчэ больш, — сказала яна. — Нам трэба сабрацца ў большай колькасці, каб закрыць гэты «Бульбаш-хол» (першапачатковая назва ўстановы), каб яго ўладальнікі зразумелі, што ён не мае права існаваць побач з месцам гібелі тысяч і тысяч нашых продкаў».

Шапуцька адзначыла, што абаронцы Курапат праводзяць пікетаванне рэстарана ўжо больш за 100 дзён. «Абарона працягваецца, спыняцца мы не збіраемся. Мы будзем трымаць варту да «Дзядоў» нягледзячы ні на рэпрэсіі, ні на затрыманні. Адначасова мы будзем звяртацца ў Міністэрства культуры, у Генпракуратуру і іншыя органы з патрабаваннем зачыніць ўстанову, якая абражае памяць», — заявіла яна.

На імправізаваным мітынгу выступілі шэраг іншых грамадскіх актывістаў.

Як паведамлялася, за заклікі да ўдзелу ў сходзе сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец 6 верасьня быў арыштаваны на 10 сутак. Ён прызнаны вінаватым па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (паўторнае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Суд палічыў правапарушэннем той факт, што палітык заклікаў людзей удзельнічаць у недазволенай уладамі акцыі 9 верасня ў Курапатах.

Пратэсты супраць працы рэстарана «Паедзем, паямо» ва ўрочышчы Курапаты, дзе расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, доўжацца з 31 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?