Штраф памерам 30 базавых велічынь (735 рублёў) атрымаў у Менскім раённым судзе абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч. Суд пакараў актывіста за ўдзел у пікеце ля рэстарацыі «Поедем поедим» 1 верасьня, калі Ўрбановіч атрымаў траўму нагі ў сутычцы зь бізнэсмэнам Аркадзем Ізраілевічам, піша Радыё Свабода.

Пасьля сутычкі Дзяніс Урбановіч напісаў у міліцыю заяву на Ізраілевіча, абвінаваціўшы бізнэсоўца ў зьбіцьці, а таксама зьбіраўся падаць заяву ў суд, але не пасьпеў.

Урбановіча затрымалі міліцыянты, і суд Менскага раёну прысудзіў яму 7 сутак адміністрацыйнага арышту за непадпарадкаваньне. У суботу 8 верасьня, калі тэрмін арышту закончыўся, актывіста вывелі з ізалятару на Акрэсьціна праз запасны ўваход і зноў затрымалі — ужо паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

«Суд сёньня быў хуткі, я чакаў новага арышту, гэтага чакалі і міліцыянты на Акрэсьціна. Добра, што суд абмежаваўся штрафам», — сказаў Свабодзе пасьля суду Урбановіч.

Атрымалася, што ўсяго Урбановіч адбыў за кратамі ў ізалятары на Акрэсьціна 9 сутак.

«Давялося пісаць скаргі, бо ўмовы былі антысанітарныя, нават адмаўляўся праз гэта ад ежы. Толькі калі перавялі ў іншую камэру і стала лепей, дык пачаў есьці. Затое дамогся, каб выводзілі на прагулкі, таксама давялося змагацца», — расказаў Дзяніс Урбановіч.

Актывіст вітаў рашэньне абаронцаў Курапатаў, якія 9 верасьня на агульным сходзе пастанавілі працягваць пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» мінімум да восеньскіх Дзядоў.

«Я і далей буду браць удзел у пікетах. Ганьба нам усім будзе, калі саступім», — сказаў Дзяніс Урбановіч.

Хто такі абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0