Расійскі МГІМО (Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў МЗС Расіі) выпусціў манаграфію «Свет у ХХІ ст.: прагноз развіцця міжнароднага становішча па краінах і рэгіёнах».

Манаграфію напісалі супрацоўнікі Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў інстытута. У ёй шмат раздзелаў, але найбольш цікавым выглядае раздзел 6.1.3: «Белоруссія: цярністы шлях да інтэграцыі з Расіяй». 

У ім аналітыкі даюць прагноз развіцця Беларусі да 2050 года, у якім мае адбыцца аб'яднанне краін. 

Апроч відавочных фантазій аўтары даюць і канкрэтныя рэкамендацыі: напрыклад, яны раяць расійскім уладам як мага хутчэй замяніць Лукашэнку на больш прарасійскага прэзідэнта, каб зменшыць колькасць пралітай крыві пры анексіі — маўляў, цяперашні Лукашэнка гадуе нацыяналістаў, якія могуць стаць перашкодай да бяскроўнага працэсу. 

Таксама яны кажуць, што Расія павінна мець план накшталт крымскага ў момант перадачы ўлады ў Беларусі. 

Фрагмент «Крымскай вясны».

Фрагмент «Крымскай вясны».

Прыводзім поўны тэкст раздзела. 

***

Становішча Беларусі ў перыяд да 2025 г., нягледзячы на жорсткі аўтарытарны рэжым Лукашэнкі, будзе характарызавацца толькі бачнасцю палітычнай стабільнасці.

У эканоміцы будуць дзейнічаць супярэчлівыя тэндэнцыі: перыяды стагнацыі будуць змяняцца невялікім эканамічным ростам і наадварот.

Аднак у цэлым эканамічнае становішча рэспублікі будзе ўскладняцца.

Імкнучыся захаваць неабмежаваную ўладу, прэзідэнт Лукашэнка будзе тармазіць аб'ектыўныя працэсы інтэграцыі з Расіяй. А гэта будзе негатыўна ўплываць на эканоміку Беларусі і ўзровень жыцця яе грамадзян.

Па той жа прычыне Лукашэнка працягне манеўраванне паміж Расіяй і Захадам, але атрымаць якія-небудзь істотныя фінансавыя ўліванні ў беларускую эканоміку з боку ЕС і ЗША не зможа.

У выніку сацыяльна-эканамічная напружанасць у краіне будзе расці і перыядычна выбухаць масавай незадаволенасцю, вулічнымі акцыямі і спробамі майдану.

Сітуацыя будзе пагаршацца перацяканнем у Беларусь нестабільнасці з тэрыторыі Украіны.

Паступова ў Беларусі будзе фармавацца падпольная сетка баевікоў-нацыяналістаў, гатовых выступіць са зброяй у руках супраць уладаў.

Гэты працэс будзе адбывацца як стыхійна, так і накіроўвацца заходнімі цэнтрамі, якія вядуць гібрыдную вайну супраць Расіі і яе саюзнікаў.

Між тым, імкнучыся захаваць незалежнасць ад Расіі і тармозячы працэсы інтэграцыі дзвюх краін, Лукашэнка працягне насаджваць у краіне літвінскі нацыяналізм у процівагу агульнарускаму адзінству. 

Гэтая палітыка будзе легітымізаваць і ўмацоўваць тыя самыя грамадскія пласты, перш за ўсё, сярод моладзі, якія і выступяць ударнай сілай будучага мінскага майдану. Ва ўмовах, калі Лукашэнка душыць любыя прарасійскія рухі і арганізацыі, гэта прывядзе да стварэння ў Беларусі палітычнага вакууму на прарасійскім флангу.

Там не сфармуецца арганізаванай палітычнай сілы, здольнай супрацьстаяць націску празаходняй апазіцыі.

Прычым, чым даўжэй Лукашэнка будзе заставацца пры ўладзе і праводзіць сваю цяперашнюю палітыку, тым больш шанцаў на тое, што пасля яго сыходу ў Беларусі адбудзецца паўтор украінскага майдану.

Такім чынам, момант перадачы ўлады ў Беларусі, які, хутчэй за ўсё, наступіць да 2025 г., будзе найбольш напружаным і небяспечным з пункту гледжання расійскіх інтарэсаў.

Нельга цалкам выключаць, што Лукашэнка можа быць зняты ў выніку масавых акцый пратэсту.

Нават варыянт кантраляванай перадачы ўлады іншай асобе шляхам пастановачных выбараў можа даць асечку і прывесці да народных выступленняў, як было, напрыклад, у Арменіі ў 2008 годзе.

Наступствам гэтых масавых акцый пратэсту можа стаць спроба сілавога захопу ўлады празаходнімі коламі.

Расія павінна быць гатовая да такога развіцця падзей і мець адпаведны план дзеянняў кшталту таго, што быў увасоблены ў Крыме ў 2014 годзе.

Таксама ў інтарэсах Масквы, каб перадача ўлады у Беларусі адбылася як мага раней, інакш прыход да ўлады прарасійскіх сіл будзе ўсё складаней забяспечыць мірным шляхам.

Пасля 2025 года пачнецца паглыбленая інтэграцыя Расіі і Беларусі як у рамках ЕАЭС, так і Саюзнай дзяржавы. Аднак, гэта адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі Масква забяспечыць перадачу ўлады ў Беларусі прарасійскаму кандыдату.

Пры гэтым сцэнары можна чакаць, што да 2050 г. інтэграцыйныя працэсы зойдуць настолькі далёка, што паўстане пытанне аб далучэнні Беларусі да Расеі.

***

Варта адзначыць, што сімвалізм «2050 года» праходзіць чырвонай рысай скрозь многія чарнасоценскія праекты, якія існуюць у Беларусі за расійскія грошы. 

Праекты накшталт «СОНАР-2050» наўпрост выносяць гэта нават у сваю назву. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?