Японія не будзе заключаць мірную дамову з Расіяй да таго часу, пакуль не будзе ўрэгулявана тэрытарыяльная спрэчка. Пра гэта заявіў генеральны сакратар кабінета міністраў Японіі Ёсіхідэ Суга.

«Мы будзем ўпарта працягваць весці перамовы на аснове такога курсу — вырашаць праблему з вяртаннем «паўночных тэрыторый» [паўднёвая града Курыльскіх астравоў — Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан і Хабамаі], а потым заключаць мірную дамову», — заявіў ён.

Палітык таксама адзначыў, што японскі ўрад не будзе каментаваць кожнае выказванне расійскага лідара Уладзіміра Пуціна, які раней прапанаваў заключыць мірны дагавор без папярэдніх умоў да канца 2018 года. Згодна з яго прапановай, краіны могуць працягнуць вырашаць спрэчныя пытанні ўжо пасля падпісання дакумента.

Раней Абэ заяўляў, што адсутнасць мірнай дамовы паміж Масквой і Токіа — гэта ненармальная сітуацыя.

Мірная дамова паміж Расіяй і Японіяй не падпісваецца на працягу больш чым 70 гадоў. Умовай яе заключэння Токіа называе вяртанне выспаў Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан і Хабамаі. Масква лічыць, што Паўднёвыя Курылы ўвайшлі ў склад СССР па выніках Другой сусветнай вайны і суверэнітэт над імі не падлягае сумневу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0