Злачынства адбылося сёлета ў сакавіку. У міліцыю патэлефанавала жыхарка вёскі Павялкова Дзяржынскага раёна і распавяла, што ў доме ў суседа ўбачыла цела мужчыны з прыкметамі забойства.
Высветлілася, што памерлым быў 39-гадовы жыхар Мінска. Міліцыя затрымала 60-гадовага падазраванага, які з'яўляецца гаспадаром дома, паведамляе Следчы камітэт.
Пацярпелы на працягу месяца жыў у затрыманага — ён хаваўся ад участковага, які яго шукаў з-за нявыплачаных аліментаў.
Затрыманы вясковец распавёў, што ў той дзень яны разам выпівалі. У нейкі момант госць стаў абражаць гаспадара, выганяць яго з хаты, і яны пабіліся. Падчас бойкі абвінавачваны схапіў сякеру і шмат разоў ударыў сякерай крыўдзіцеля па галаве.
Мужчыну абвінавачваюць у забойстве з асаблівай жорсткасцю. Справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.