Вялікабрытанія можа перагледзець сваё рашэнне аб выхадзе з Еўрасаюза на працягу пяці гадоў, паведаміў экс-прэм'ер-міністр Злучанага Каралеўства Тоні Блэр на 15-й Штогадовай сустрэчы Ялцінскай Еўрапейскай Стратэгіі (YES).
«Не хачу дыскутаваць пра вялікія выклікі, якія стаяць перад Еўропай. Ёсць выклік міграцыі, з якім не вельмі ўдаецца справіцца. Так, ёсць структурныя і палітычныя выклікі Еўразоны. Але я зраблю адзін прагноз, а праз пяць гадоў паглядзім, ці памыліўся я: Еўропа выжыве, Еўропа будзе квітнець і Вялікабрытанія адменіць сваё рашэнне па Brexit», — прагназуе Блэр.
Блэр нагадаў, што пасля Другой сусветнай вайны Еўропа аб'ядноўвалася дзеля падтрымання міру, аднак знаходжанне ў ЕС дае краінам і іншыя значныя перавагі.
Палітык пагадзіўся, што ЕС мае патрэбу ў рэфармаванні, аднак, на яго думку, гэта не дастатковая прычына для выхаду з аб'яднання.