У выдавецтве «Галіяфы» выйшла некалькі вартых увагі кніг: мемуары, альбом з фота 1917-га, зборнік найлепшых твораў Юрыя Станкевіча, фантастыка…
Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых
Міхаіл Буценеў нарадзіўся ў 1919 годзе ў Ялце, куды бацькі яго з’ехалі з Масквы пасля рэвалюцыі. Яму не было года, калі яго сям’я з’ехала ў Аўстрыю праз Канстанцінопаль; пазней пераехалі ў Францыю, а ў 1934 перабраліся ў Заходнюю Беларусь, у фамільны маёнтак Шчорсы. У мемуарах, праз багаты на падзеі лёс адной сям'і можна пабачыць гісторыю няпростага ХХ стагоддзя.
Доўбарчыкі з Бабруйскай крэпасці
Альбом, выдадзены гісторыкамі Эльжбетай Інеўскай і Ігарам Мельнікавым, распавядае пра падзеі 1917 у Бабруйсай крэпасці, дзе быў раскватараваны І Польскі корпус генерала Юзафа Доўбар-Mусніцкага.
Гісторыя адважных жаўнераў-″доўбарчыкаў″ — гэта таксама гісторыя Бабруйска, у якую ўпісаліся імёны такіх герояў, як Уладзіслаў Андэрс, Ян Скарына і будучы герой абароны Брэсцкай крэпасці — Канстанцін Плісоўскі.
Салдаты генерала Доўбара пазней змагаліся з нацыстамі на многіх франтах Другой сусветнай вайны.
Альбом аздоблены архіўнымі фотаздымкамі.
Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры
Ці чулі вы, што ўсе выдуманыя сусветы існуюць насамрэч? І не толькі існуюць, але і дапамагаюць пісьменнікам, чытачам, а найперш аматарам казак і фэнтэзі.
Ці вядома вам, што побач з намі жывуць паралельныя цывілізацыі разумных жывёл? Журналіст Тамаш Ян таксама не ведаў, пакуль не ўлупіўся галавой у пень і не трапіў у карчму «Халодныя ногі» каля могілак.
Анамальныя з’явы, ваўкалакі, тагасветныя пачвары пад абліччам вабных прыгажунь ды іншае ў новым зборніку беларускага празаіка Алеся Бычкоўскага «Дабрадзеі і гармідар квантавай літаратуры».
Судуманьне
Напісаная лексікай без мужчынскага і жаноцкага роду ў адзіночным ліку, аповесць Міколы Каляднага малюе дзіўныя ўзаемадачыненні і касмічныя прыгоды разумных істотаў, паказвае цікавы фенаменальны свет бясплоцевых стварэнняў.
Бесапатам
Кнігу «Бесапатам» празаіка Юрыя Станкевіча складаюць напісаныя ў розныя гады раман «Любіць ноч — права пацукоў», аповесці «Апладненне ёлупа», «Лавец святла поўні», «Бесапатам», а таксама некалькі апавяданняў.
Творы выклікалі вялікі рэзананс. Для празаічных рэчаў, прадстаўленых у кнізе, характэрныя напружаны сюжэт, алегарычнасць, няпростыя, часам шокавыя сітуацыі і развагі пра будучыню.
Набыць кнігі можна на сайце halijafy.by і ў кнігарні выдавецтва на Нямізе, 3 (цокальны паверх, бокс 47).
«Галіяфы» — незалежнае выдавецтва, заснаванае ў 2007 годзе. Спецыялізуецца на выданні мастацкай літаратуры сучасных аўтараў, дзіцячых кніг на беларускай мове і кніг, якія даследуюць з розных бакоў сучасную Беларусь.
Сачыце за навінамі выдавецтва ў фэйсбуку, укантакце і інстаграме.