Расійская школьніца з дапамогай чужога пашпарта спрабавала праз беларуска-літоўскую мяжу патрапіць у Аўстрыю да свайго каханага, паведамляе Дзяржпагранкамітэт.
Уначы 29 верасня ў пункце пропуску «Беняконі» пры афармленні на выезд з Беларусі аўтамабіля Renault беларускай рэгістрацыі памежнікі затрымалі пасажырку, якая паказала не свой пашпарт.
Падчас разбору дзяўчына ўсё ж паказала свой дакумент — грамадзянкі Расіі 2001 года нараджэння. Яна распавяла, што на парушэнне закона пайшла з-за таго, што хацела патрапіць у Аўстрыю да свайго каханага.
З хлопцам дзяўчына пазнаёмілася ў інтэрнэце. Дзяўчына з-за непаўналецця не магла самастойна атрымаць шэнгенскую візу і адправіцца ў Вену. Таму і вырашыла выкарыстаць чужы дакумент.
На грамадзянку Расіі аформілі пратакол і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.