Абвінавачаны Вялікабрытаніяй у атручванні былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля расіянін Руслан Башыраў (брытанскія СМІ лічаць, што пад гэтым імем хаваецца палкоўнік расійскай ваеннай разведкі Анатоль Чапіга) быў узнагароджаны званнем Героя Расіі пасля анексіі Крыма. Пра гэта паведамляе «Новая газета» са спасылкай на трох былых таварышаў па службе Чапігі, якія папрасілі не называць іх імёнаў.

У пачатку 2000-х яны праходзілі службу ў 282-м атрадзе спецназа, які дыслакуецца ў прыгарадзе Хабараўска. Як піша газета, у гэтай часці служыў лейтэнант Анатоль Чапіга.

«Башыраў, з якім размаўляла Сіманьян, — гэта не Башыраў, а Анатоль Чапіга. Знешне ён змяніўся, але голас Башырава — гэта голас Толі», — распавёў адзін з суразмоўцаў выдання.

Паводле крыніц газеты, пасля заканчэння вайсковага вучылішча Чапіга праходзіў службу ва Усурыйску, затым у Хабараўску, дзе быў прызначаны камандзірам разведгрупы.

«Чапіга лічыўся блатным, з ім нават камандзір атрада палкоўнік Бернікаў размаўляў падкрэслена ветліва», — адзначыла крыніца.

Паводле выдання, Чапіга быў узнагароджаны званнем Героя Расіі «за Крым». Чым канкрэтна займаўся Чапіга ў Крыме — не паведамляецца.

Нагадаем, раней расійскі журналіст, удзельнік расследавання The Insider і Bellingcat Сяргей Канеў распавёў, што, паводле яго інфармацыі, Чапіга атрымаў званне Героя Расіі за вываз праз Крым у Расію былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.

Чытайце таксама: Расійскі журналіст: Падазраваны ў замаху на Скрыпалёў палкоўнік ГРУ Чапіга эвакуіраваў Януковіча ў Расію

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0