Новая кніга — гэта больш за 200 старонак фармату А4, на якіх з’явяцца больш як 600 фотаздымкаў, дакументаў і артэфактаў, звязаных з гісторыяй самага жудаснага ў гісторыі чалавецтва ваеннага канфлікту, з калекцыі беларускага гісторыка Ігара Мельнікава.

На вялікі жаль, доўгі час у савецкай і беларускай гістарыяграфіях, а таксама грамадскай свядомасці існавала стэрэатыпнае ўяўленне пра тое, што Другая сусветная вайна пачалася для Беларусі ў чэрвені 1941 года. Маўляў, да гэтага моманту жыхары БССР жылі мірным жыццём, не ведалі, што такое бамбёжкі, голад і разбурэнні, а ўсё іншае адбывалася па-за межамі Беларусі. Аднак гэта скажэнне рэчаіснасці. Вайна на беларускія землі прыйшла 1 верасня 1939 года, калі нацысцкая Германія напала на Польшчу, у складзе якой на той момант знаходзіліся Віленскае, Навагрудскае, Беластоцкае і Палескае ваяводствы, на тэрыторыі якіх пражывала вялікая колькасць беларусаў. З першых дзён Другой сусветнай тысячы беларусаў уступілі ў шэрагі Войска Польскага, Пінскай рачной флатыліі, Корпуса аховы памежжа і мужна біліся супраць немцаў на розных франтах Вераснёўскай кампаніі 1939 года. Аднак і ўсходняя, Савецкая Беларусь, не заставалася ўбаку ад падзей, якія разгортваліся ў суседняй дзяржаве.

Падраздзяленні Чырвонай Арміі, якія размяшчаліся на тэрыторыі савецкай Беларусі, былі прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць, адбывалася мабілізацыя прыпіснога складу, у крамах зніклі соль і запалкі, а савецкія беларусы пацягнуліся ў ашчадныя касы і банкі і пачалі здымаць грашовыя ўклады. Акрамя гэтага, варта ўзгадаць, што ў тыя вераснёўскія дні радыё ў Мінску, сярод іншага, перадавала ў эфіры таямнічае словазлучэнне: «Я — Мінск». Рабілася гэта дзеля таго, каб аблегчыць жудасную працу пілотаў люфтвафэ, якія бамбілі заходнебеларускія гарады. Тады, па сутнасці, з тэрыторыі БССР дапамагалі забіваць беларусаў, якія жылі за «рыжскім кардонам». Варта разумець, што нямецкія бомбы на Берасце, Горадню, Пінск, Баранавічы і іншыя гарады Заходняй Беларусі пасыпаліся ўжо ў першыя дні вайны. Гітлер і Сталін пачалі перадзел Еўропы, і першымі ахвярамі гэтай «гульні тронаў», сярод іншых народаў, якія засялялі міжваенную Польшчу, былі нашы суайчыннікі.

17 верасня 1939 года, увёўшы свае войскі на тэрыторыю ўсходніх раёнаў Польшчы, СССР фактычна ўступіў у Другую сусветную вайну. Нягледзячы на пераможныя рэляцыі савецкіх штабістаў і журналістаў, тая «міратворчая аперацыя» стала цяжкім выпрабаваннем для Чырвонай Арміі. На лініі савецка-польскай мяжы адбыліся жорсткія баі паміж польскімі вартавымі мяжы з Корпуса аховы памежжа і савецкімі войскамі. Нехта сустракаў «гасцей з усходу» яблыкамі і кветкамі, але ў шматлікіх населеных пунктах Заходняй Беларусі ў савецкія танкі ляцелі «кактэйлі Молатава», а чырвонаармейцаў «вітаў» «свінцовы гарох». Так было, прынамсі, пад Маларытай, у Навагрудку, Горадні і Вільні. Але сілы былі няроўнымі і хутка ўся заходнебеларуская тэрыторыя была занятая савецкімі войскамі і ўключана ў склад СССР. Перыяд з восені 1939-га па чэрвень 1941 года не быў спакойным для заходніх абласцей Савецкай Беларусі.

У гэты час тут адбываліся арышты так званага «польскага кантынгенту», дэпартацыі «кулакоў», саветызацыя і русіфікацыя мясцовага насельніцтва. Але праз два гады вайна ізноў прыйшла на беларускія землі. Былы хаўруснік Іосіфа Сталіна Адольф Гітлер вырашыў стаць адзінаўладным гаспадаром Еўропы і ліквідаваць крамлёўскага канкурэнта. У выніку беларусам ізноў прыйшлося расплачвацца сваімі жыццямі за геапалітычныя гульні дыктатараў.

Лета 1941 года стала адным з самых жудасных у навейшай гісторыі Беларусі. Мільёны палонных і забітых савецкіх жаўнераў, знішчаныя гарады і вёскі і нацысцкая акупацыя. Але беларусы змагаліся супраць ворага. Нехта ў шэрагах савецкага войска і партызанскіх атрадах, іншыя на заходнім фронце, у войсках хаўруснікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі. Нашыя суайчыннікі прайшлі ўсе выпрабаванні і зрабілі вялікі ўнёсак у справу Перамогі над «карычневай чумой».

Кніга, выданне якой зараз можна падтрымаць па гэтай спасылцы, складаецца з фотаздымкаў, большасць з якіх паходзяць з прыватнай калекцыі аўтара і ніколі раней не публікаваліся. Выданне падзелена на раздзелы.

Першы з іх прысвечаны даваеннаму часу і змяшчае ў сабе два падраздзелы. У першым з іх чытач знойдзе ўнікальныя фота з тэрыторыі Савецкай Беларусі. У другім змешчаныя здымкі, якія ў сваёй большасці паходзяць з Віленскага, Навагрудскага, Палескага і Беластоцкага ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай.

Наступны раздзел прысвечаны падзеям верасня 1939 года ў Заходняй Беларусі. Берасцейская крэпасць, савецка-германскі «freundschaft» і яго апагей — сумесны парад у горадзе на Бугу. Здымкі, змешчаныя ў 3-й частцы, звязаны з папярэднім раздзелам кнігі і прысвечаны германа-савецкаму збліжэнню, якое праявілася ва ўсталяванні сумеснай мяжы на тэрыторыі падзеленай Польшчы, а таксама агрэсіўнай палітыцы СССР і Германіі ў адносінах да суседзяў. Пакуль Сталін спрабаваў акупаваць Фінляндыю, Гітлер рыхтаваўся да кідку супраць Францыі.

Летам 1940 года Парыж паў, і Гітлер пачаў рыхтавацца да вайны супраць свайго ўчорашняга хаўрусніка. Акрамя гэтага, летам 1940 года Савецкі Саюз уключыў у свой склад Літву, Латвію, Эстонію, а таксама анексаваў тэрыторыю Бесарабіі, якая да гэтага ўваходзіла ў склад Румынскага каралеўства. Так, у альбоме чытач убачыць здымкі жаўнераў латвійскага і эстонскага войска, зробленыя ў 1930-я гады. Акрамя гэтага, у выданні змешчаныя ўнікальныя фатаграфіі, зробленыя ў 1940 годзе ў Бесарабіі.

Чэрвень 1941 года стаў жудасным выпрабаваннем для мільёнаў савецкіх грамадзян. Сотні тысяч чырвонаармейцаў загінулі і трапілі ў нямецкі палон у памежных баях супраць нацыстаў летам 1941 года. Пра маштаб той катастрофы сведчаць здымкі, змешчаныя ў раздзеле 4. Наступная частка кнігі прысвечана перыяду нацысцкай акупацыі Беларусі. На здымках, змешчаных тут, аматары гісторыі Беларусі ўбачаць знаёмыя месцы і будынкі, а таксама людзей, якім прыйшлося перажыць цяжкае ярмо акупацыйнага рэжыму.

Нарэшце, у апошнім раздзеле выдання апублікаваныя здымкі і матэрыялы, прысвечаныя ўдзелу беларусаў у барацьбе з нацызмам на розных франтах Другой сусветнай вайны. Калі пра нашых суайчыннікаў, якія біліся супраць нацысцкай Германіі ў шыхтах савецкага войска гаварылася шмат, то пра беларусаў, жаўнераў Другога польскага корпуса пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса, якія мужна прайшлі выпрабаванні савецкай рэпрэсіўнай сістэмы, а потым вызвалялі Паўднёвую і Заходнюю Еўропу ад нацызму, у Беларусі доўгі час не памяталі.

Матэрыялы, змешчаныя ў альбоме «Другая сусветная вайна на фотаздымках з архіва Ігара Мельнікава», дазваляюць пашырыць кругагляд ведаў па вайсковай гісторыі Беларусі ў прыватнасці і падзеях Другой сусветнай вайны ўвогуле. Больш за тое, выданне двухмоўнае (на беларускай і ангельскай мовах), што дасць магчымасць данесці праўду пра падзеі Другой сусветнай на беларускай зямлі жыхарам іншых краін.

Імёны ўсіх спонсараў будуць апублікаваныя ў кнізе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Каментатар / Адказаць
28.06.1986 / 21:47
Чаму абмінута сказаць пра беларусаў, хто ваяваў не за кааліцыю? Туронак пісаў, што было столькі ж, колькі мабілізавалі саветы! Самацэнзуру прэч!
1
Каментатар / Адказаць
24.12.1977 / 03:12
Не ведаю хто пiсау гэты тэкст, але ен не вытрымлiвае крытыкi. Прыгадаю ТОЛЬКI АДЗIНЫ "факт" з гэтай пiсанiны. Радыё-сiгнал з Мiнска : "Я - Мiнск". Гэта стары мiт, але галоунае АНТЫБАЛЬШАВIЦКI, каб хоць нечым "укусiць" Саветы. Цi патрэбныя былi такiя сiгналы для немцау ? Авiацыя немцау удзельнiчала у вайне у Iспанii, тамака, што таксама нехта наводзiу нямецкiя самалеты ? Авiацыя да 1939 была ужо развiтая так, што гэтая "наводка" не была патрэбная. Ды пытанне, цi iснавала яна увогуле. Гэты мiт створаны для таго, каб потым напiсаць: "рабiлася гэта дзеля таго, каб аблегчыць жудасную працу пiлотау Люфтвафе, якiя бамбiлi заходнебеларускiя гарады". Потым iдзе i прапагандыская выснова : "...з тэрыторыi БССР дапамагалi забiваць беларусау, якiя жылi за Рыжскiм кардонам". Антысаветызм у дзеяннi, праз хлусню.
0
Каментатар / Адказаць
28.09.1998 / 06:24
Праглядаючы на "улеі" здымкі для кнігі, пазнаў румына з дзяўчынай. У мяне таксама ёсць яго здымкі. Ён удзельнік бітвы за Крым. У яго на рукаве прысутнічае "Крымскі шчыток" (на маім здымку бачна). Таму здымак можна датаваць пасля 1942 года. Можа спадару Ігару будзе цікава гэта інфармацыя і ён правільна падпіша гэты здымак. 
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру