Джэймс Ліндсі, Хелен Плакроўз і Пітэр Багасян цэлы год пісалі вар'яцкія артыкулы, якім верыла навуковая супольнасць.

Джэймс Ліндсі, Хелен Плакроўз і Пітэр Багасян цэлы год пісалі вар'яцкія артыкулы, якім верыла навуковая супольнасць.

Заходні навуковы свет скалынае маштабны скандал. Трое паважаных вучоных прызналіся, што на працягу цэлага года праводзілі не зусім этычны сацыяльны эксперымент. Падрабязнасцямі дзеліцца Бі-Бі-Сі.

Яны наўмысна пісалі зусім бессэнсоўныя і нават адкрыта абсурдныя навуковыя артыкулы ў розных галінах сацыяльных навук, каб даказаць: ідэалогія ў гэтай сферы даўно ўзяла верх над здаровым сэнсам.

Працы пісаліся пад выдуманымі імёнамі — і, як і меркавалі іх аўтары, паспяхова праходзілі праверку і друкаваліся ў паважаных навуковых часопісах. А адзін з найбольш абсурдных артыкулаў — пра тое, што сэкс паміж сабакамі ў парку неабходна разглядаць у кантэксце культуры згвалтаванняў, — нават быў адзначаны спецыяльнай узнагародай.

Навука ставіць сваёй мэтай вызначыць ісціну, настойваюць аўтары, але ў галіне сацыяльных даследаванняў ісціна ўжо даўно мала каго цікавіць. Галоўнае — гэта адпаведнасць ідэалагічным нормам: асуджэнне прыгнятальнікаў усіх масцяў і выражэнне падтрымкі «прыніжаным і абражаным».

Хто гэтыя людзі?

Свае сапраўдныя імёны дысідэнты ад навуковага свету раскрылі самі, напісаўшы адкрыты ліст у часопіс Areo і распавёўшы аб сваім эксперыменце. Вось яны: Джэймс Ліндсі, Хелен Плакроўз і Пітэр Багасян.

Ліндсі — доктар матэматычных навук, вядомы скептык, атэіст і аўтар некалькіх нашумелых кніг, у тым ліку «Усе памыляюцца наконт Бога» (Everybody Is Wrong About God) і «Жыццё ў святле смерці» (Life In Light of Death).

Плакроўз — спецыялістка па рэлігійнай літаратуры эпохі Адраджэння. У яе сур'ёзных навуковых працах яна даследуе, як у XIV—XVII стагоддзях жанчыны выкарыстоўвалі хрысціянскія тэксты для абароны сваіх правоў.

Багасян — мабыць, самы вядомы з гэтага трыа — займае пасаду прафесара ва Універсітэце Портленда. Доктар філасофскіх навук, ён спецыялізуецца на філасофіі выкладання, крытычным мысленні, а таксама з'яўляецца адным з членаў «Фонду за навуку і здаровы сэнс», заснаванага вядомым брытанскім біёлагам і пісьменнікам Рычардам Докінзам. Сам Багасян таксама напісаў кнігу пад назвай «Дапаможнік па стварэнні атэістаў» (A Manual for Creating Atheists).

Свае палітычныя перакананні ўсе трое вызначаюць як «лібералы, якія імкнуцца да левых поглядаў».

Аднак, будучы супрацоўнікамі сістэмы вышэйшай адукацыі і членамі навуковай супольнасці, яны сцвярджаюць, што ў асобных галінах сацыяльных навук «трывалае (калі не дамінуючае) месца занялі навуковыя працы, у аснове якіх ляжыць не столькі пошук ісціны, колькі ўвага да злоўжыванняў і розных праяў сацыяльнай несправядлівасці».

«Аўтары такіх прац усё часцей ціснуць на студэнтаў, адміністрацыю і супрацоўнікаў іншых факультэтаў, прымушаючы тых выказваць падтрымку сваім поглядам. Пры гэтым погляды гэтыя абсалютна не з'яўляюцца навуковымі», — сцвярджаюць аўтары адкрытага ліста.

У выніку сур'ёзныя часопісы друкуюць абсурдныя працы, паколькі «чалавек, які ставіць пад пытанне любыя даследаванні ў галіне ідэнтычнасці, прывілеяў і прыгнёту, рызыкуе быць абвінавачаным у вузкалобасці і прадузятасці».

Што менавіта яны зрабілі?

Са жніўня 2017 года Ліндсі, Багасян і Плакроўз пад выдуманымі імёнамі накіравалі ў паважаныя навуковыя часопісы, у якіх працуюць рэцэнзенты, 20 артыкулаў, аформленых як звычайныя навуковыя даследаванні.

Тэматыка работ вар'іравалася, але ўсе яны былі прысвечаны розным праявам барацьбы з сацыяльнай несправядлівасцю: даследаванням фемінізму, культуры мужнасці, пытанням расавай ідэнтыфікацыі і сэксуальнай арыентацыі, бодзіпазітыву і гэтак далей.

У кожным артыкуле вылучалася якая-небудзь радыкальна-скептычная тэорыя, якая асуджае той ці іншы «сацыяльны канструкт» (напрыклад, гендарныя ролі). Пры гэтым самі работы былі адкрыта абсурднымі, аўтары наўмысна пісалі іх з доляй гумару, які дазваляе ўсумніцца ў сур'ёзнасці даследавання.

З навуковага пункту гледжання артыкулы не вытрымлівалі ніякай крытыкі. Тэорыі не пацвярджаліся ўказанымі лічбамі, часам спасылаліся на неіснуючыя крыніцы ці працы таго ж фіктыўнага аўтара і гэтак далей.

Напрыклад, у адной з прац прапаноўвалася дрэсіраваць мужчын як сабак. У другой — прымушаць белых студэнтаў слухаць лекцыі, седзячы на падлозе аўдыторыі закаванымі ў ланцугі, — у якасці пакарання за рабаўладанне іх продкаў.

У чацвёртым прапаноўвалася лічыць мастурбацыю, падчас якой мужчына ўяўляе ў сваіх фантазіях рэальную жанчыну, актам сэксуальнага гвалту ў адносінах да яе.

У артыкуле «Сабачы парк» сцвярджалася, што даследчыкі абмацалі геніталіі амаль 10 тысяч сабак, апытваючы іх уладальнікаў з нагоды сэксуальнай арыентацыі гадаванцаў. У артыкуле «Грудзі» навукоўцы сур'ёзна задаваліся пытаннем, што ж прыцягвае ў жанчынах гетэрасексуальных мужчын.

А адзін з артыкулаў на тэму фемінізму — «Наша барацьба — гэта мая барацьба» — увогуле быў вольным пераказам раздзела з кнігі Адольфа Гітлера «Майн Кампф».

«Не буду хлусіць, мы выдатна павесяліліся, працуючы над гэтым праектам», — прызнаецца Джэймс Ліндсі.

Чым скончыўся эксперымент

З 20 напісаных работ па меншай меры сем былі адрэцэнзаваныя вядучымі навукоўцамі і прыняты да публікацыі.

Адзінае пытанне, якое паўстала ў аднаго з рэцэнзентаў, — ці сапраўды Хелен Уілсан (выдуманы аўтар працы) назірала ў гарадскім парку Арэгона «па адным сабачым згвалтаванні кожную гадзіну».

«Па меншай меры сем» — таму што яшчэ сем артыкулаў знаходзіліся на этапе разгляду і рэцэнзавання ў той момант, калі навукоўцам прыйшлося спыніць эксперымент і раскрыць сваё інкогніта.

Артыкул «Сабачы парк» (поўная назва — «Рэакцыя людзей на культуру згвалтавання і праявы нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі ў сабачых парках Портланда, штат Арэгон») быў апублікаваны навуковым часопісам Gender, Place and Culture — і быў высмеяны ў сацсетках.

Артыкул аб даследаванні пасля знялі з сайта

Апублікаванае «даследаванне» было такім смехатворным, што прыцягнула ўвагу не толькі сур'ёзных навукоўцаў, якія ўказвалі на яго абсурднасць, але і журналістаў, што спрабавалі высветліць асобу Хелен Уілсан.

Калі ў пачатку жніўня карэспандэнт Wall Street Journal патэлефанаваў па нумары, які пакінуў аўтар у адной з рэдакцый, яму адказаў сам Джэймс Ліндсі.

Прафесар не стаў хавацца і сумленна распавёў аб сваім эксперыменце — папрасіўшы толькі пакуль не рабіць яго здабыткам шырокай публікі, каб ён і яго сябры-дысідэнты маглі датэрмінова згарнуць праект і падвесці яго вынікі.

У выніку выкрывальны артыкул у WSJ быў апублікавана толькі 2 кастрычніка — адначасова з адкрытым лістом Ліндсі, Плакроўз і Багасяна.

Што далей?

Скандал дагэтуль скалынае амерыканскую — і ў цэлым заходнюю — навуковую супольнасць. У навукоўцаў-дысідэнтаў знаходзяцца не толькі заўзятыя крытыкі, але і прыхільнікі, якія актыўна выказваюць ім сваю падтрымку.

Джэймс Ліндсі запісаў відэазварот, паспрабаваўшы апраўдацца і растлумачыць сваю пазіцыю.

«Мы лічым, што тэмы гендара, расавай ідэнтычнасці і сэксуальнай арыентацыі, вядома, заслугоўваюць даследавання, — сцвярджае ён. — Але важна даследаваць іх правільна, без прадузятасці. Праблема менавіта ў тым, як іх вывучаюць цяпер».

«Культура дыктуе нам, што прымальнымі могуць быць толькі высновы пэўнага роду — напрыклад, белы колер скуры або мужнасць абавязкова павінны складаць праблему. І барацьба з праявамі сацыяльнай несправядлівасці ставіцца вышэй за аб'ектыўную праўду», — тлумачыць ён.

Аднак аўтары эксперыменту кажуць, што так ці інакш іх рэпутацыя ў навуковай супольнасці разбурана — і самі яны не чакаюць нічога добрага.

Багасян упэўнены, што яго звольняць з універсітэта або пакараюць як-небудзь яшчэ. Плакроўз асцерагаецца, што цяпер яе могуць не ўзяць у дактарантуру. А Ліндсі кажа, што цяпер, напэўна, ператворыцца ў «акадэмічнага ізгоя», якому будзе закрыты шлях як да выкладання, так і да публікацыі сур'ёзных навуковых прац.

І ў той жа час усе яны згодныя з тым, што праект сябе апраўдаў.

«Рызыка таго, што прадузятыя даследаванні працягнуць аказваць уплыў на адукацыю, СМІ, палітыку і культуру, для нас куды страшнейшая, чым любыя наступствы, з якімі можам сутыкнуцца мы самі», — заявіў Джэймс Ліндсі ў інтэрв'ю WSJ.

Навуковыя часопісы, дзе былі апублікаваныя фэйкавыя працы, паабяцалі прыбраць іх са сваіх вэб-сайтаў, аднак больш ніяк не пракаментавалі скандал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?