Пракуратура Савецкага раёна Мінска адклікала апеляцыйны пратэст на рашэнне суда па справе бізнэсмена Аркадзя Ізраілевіча супраць газеты «Новы час» і журналіста Дзяніса Івашына. Гэтую інфармацыю Tut.by пацвердзіла адвакат Ізраілевіча.

«Мой кліент не планаваў абскардзіць рашэнне суда. Хоць, вядома, мы з ім не згодныя. Пра тое, што пракуратура накіравала пратэст, даведаліся з інтэрнэт-рэсурсаў. Таму вырашылі пацікавіцца ў судзе дэталямі. Аднак там адказалі, што пракуратура ўжо адклікала пратэст», — сказала адвакат.

Атрымаць аператыўны каментар у пракуратуры не ўдалося.

У судзе Савецкага раёна Мінска папрасілі накіраваць пісьмовы запыт.

Нагадаем, бізнэсмен Аркадзь Ізраілевіч праз суд патрабаваў прыцягнуць да адказнасці газету «Новы час» і журналіста Дзяніса Івашына. На думку бізнэсмена, газета апублікавала шэраг артыкулаў пра рэстаран «Паедзем, паядзім» у Курапатах, якія прыніжаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

Суд Савецкага раёна не задаволіў іск Ізраілевіча, адмовіў у публікацыі абвяржэння і спагнанні маральнай шкоды з аўтара і рэдакцыі газеты. Акрамя таго, Ізраілевіч павінен выплаціць 600 рублёў на карысць газеты і журналіста.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0