Археолагі, якія даследуюць Спаса-Праабражэнскую царкву і прылеглую да яе тэрыторыю, знайшлі падземны храм-пахавальню, аналагаў якому на ўсходнеславянскай прасторы няма, паведамляе сайт Полацкага універсітэта.

Археолагі кажуць, што яны сутыкнуліся з цалкам унікальным аб'ектам. Гэта падземны храм, невялікага памеру. Ён з'яўляецца ніжнім ярусам асобнай пабудовы, якая была пастаўлена непасрэдна каля сцен Спаскага сабора. Пабудаваная яна была адначасова з галерэяй з той самай цэглы (плінфы), што і сцены самога храма і сцены галерэі.

Унікальнасць гэтага падземнага храма ў тым, што падобных падземных пахавальных збудаванняў на тэрыторыі Старажытнай Русі няма. Існуе толькі адзін прыклад — гэта так званая царква-пахавальня ў Чарнігаве. Але і там — гэта падземны паверх храма, які стаяў на паверхні зямлі. Тут жа памяшканне цалкам пад зямлёй і будавалася для пахавання, як відаць, аднаго чалавека. У паўночнай сцяне гэтага падземнага храма ёсць глыбокая ніша, перакрытая аркай. Такія нішы робяцца для размяшчэння ў іх пахаванняў.

Такім чынам, падземны храм быў пабудаваны як пахавальня адной асобы, можа быць, дзвюх, калі іх пакласці ў гэтую нішу разам. Сама ніша невялікая усяго каля 1 метра 40 сантыментаў даўжынёй і глыбінёй 50 сантыметраў. Хутчэй за ўсё, будавалася яна ўжо не для таго, каб пакласці цела, а для таго, каб прынесці туды з месца першапачатковага пахавання нейкія мошчы.

Падчас раскопак археолагі расчышчалі гэта падзямелле ад будаўнічага смецця. У ім было знойдзена шмат важных знаходак. Самай цікавай з іх можна назваць фрагменты каменнага абразка, на якіх захаваўся надпіс намаляванага там Святога Георгія. Такім чынам, збудаванне прызначана для пахавання адной асобы каля храма. Мабыць гэты чалавек быў вельмі важны для заснавальніцы манастыра прападобнай Ефрасінні. Можна таксама меркаваць, што гэты абразок знаходзіўся дзесьці на прастоле гэтага храма. Падмурак гэтага прастола, пабудаванага з цэглы, археолагі таксама знайшлі. Магчыма, што гэты прастол быў прысвечаны Святому Георгію. Калі гэта так, то, імаверна, і пахаваны таксама там меў імя Георгій. Тады, хутчэй за ўсё, археолагі знайшлі месца пахавання полацкага князя — Георгія Усяславіча, бацькі Ефрасінні Полацкай!

Археолагі не ведаюць, ці змогуць знайсці яго астанкі, таму што гэтая ніша цяпер закладзена каменным мурам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0