Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш запатрабаваў раскрыць праўду пра лёс саудаўскага апазіцыйнага журналіста Джамаля Хашагі, які прапаў пасля візіту ў консульства Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле, піша bbc.com.

«Такіх інцыдэнтаў робіцца ўсё больш, таму міжнародная супольнасць павінна ясна заявіць пра тое, што гэта непрымальна», - сказаў генеральны сакратар ААН.

Напярэдадні з'явілася інфармацыя, што ўлады Турцыі маюць аўдыя- і відэазапісы, якія даказваюць, што журналіст быў забіты ў будынку консульства. У СМІ таксама з'явіліся падрабязнасці забойства.

Улады Саудаўскай Аравіі назвалі сцвярджэнні ілжывымі.

Джамаль Хашагі, вядомы крытык кіруючай дынастыі ў Эр-Рыядзе, зайшоў у консульства Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле днём 2 кастрычніка. З таго часу яго ніхто не бачыў.

Хашагі збіраўся завяршыць працэдуру разводу, што дало б яму магчымасць ажаніцца са сваёй турэцкай нявестай.

Як паведамлялі СМІ, перад тым, як увайсці ў будынак, журналіст папрасіў нарачоную падняць трывогу, калі ён не выйдзе праз чатыры гадзіны. Яна прачакала Хашагі ля ўваходу 11 гадзін.

У пятніцу блізкая да спэцслужбаў Турцыі крыніца Бі-бі-сі паведаміла, што ў турэцкіх уладаў ёсць відэа- і аўдыязапісы, якія даказваюць, што журналіст быў забіты ў консульстве.

Газета Washington Post, спасылаючыся на неназваных турэцкіх чыноўнікаў, напісала пра доказы забойства Хашагі, якія ёсць у распараджэнні ўладаў Турцыі.

«Там чутны яго голас і галасы мужчын, якія гавораць па-арабску, — распавяла крыніца газеты пра змест запісаў. - -Чутно, як яго дапытваюць, катуюць, а затым і забіваюць».

Паводле крыніц выдання, у будынку консульства журналіста забілі, а яго цела расчлянілі.

Як паведамілі крыніцы газеты Guardian, парэшткі нібыта вывезлі з тэрыторыі ў машынах з дыпламатычнымі нумарамі і закапалі каля рэзыдэнцыі консула, размешчанай непадалёк.

Як паведаміла турэцкая газета Sabah са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах, момант забойства і допыт журналіста запісаліся на яго смарт-гадзіннік Apple Watch.

Перад уваходам у консульства Хашагі пакінуў нявесце айфон (яго нельга праносіць усярэдзіну), а гадзіннік перавёў у рэжым запісу. У выніку аўдыязапіс быў перададзены на смартфон, з якім сінхранізаваны гадзіннік, а затым аўтаматычна загружаны ў воблачнае сховішча iCloud.

Праз дзесяць дзён у Эр-Рыядзе павінен стартаваць буйны інвестыцыйны форум Future Investment Initiative (FII), аднак з-за знікнення журналіста шэраг уплывовых кампаній і СМІ ўжо адмовіліся ад удзелу ў мерапрыемстве.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што пакуль не гаварыў з каралём Саудаўскай Аравіі Салманам аб знікненні журналіста, але неўзабаве яму патэлефануе.

«Гэта вельмі сур'ёзная рэч, і мы вельмі сур'ёзна ёй зоймемся», — цытуе Трампа Рэйтэр.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган раней сказаў, што Саудаўская Аравія павінна даказаць сваю недатычнасць да знікнення журналіста.

У той жа час кіраўнікі МЗС Бахрэйна і ААЭ падтрымалі Саудаўскую Аравію. Па іх версіі, мэта скандалу — нашкодзіць Саудаўскай Аравіі, а не жаданне раскрыць праўду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0