У Гомлі распачалі сэзон этна-вечарын з абраду «Жаніцьба коміна». Абрад сымбалізуе заканчэньне работ у полі, пераход на «хатні» лад жыцьця, асьвячэньне агню, пачатак вячорак, піша радыё «Свабода».

Этна-вечарыны ладзіць гомельскі філіял Веткаўскага музэю стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава. Пачалі вячоркі з «Жаніцьбы коміна».

Паводле загадчыка філіялу Пятра Цалкі, для беларусаў вельмі важна было асьвяціць гэты момант пераходу з вуліцы, дзе скончыліся земляробчыя працы, у хату, перанос сьвятла — агню.

Для адраджэньня і падтрыманьня традыцый у філіяле Веткаўскага музэю ёсьць свая Школа бытавога танцу, музыкі. «Мы як сапраўдная вясковая супольнасьць, якая жыла ў сваім мікракосьме, стварала яго і працягвала», — зазначыў Пятро Цалка.

Комін упрыгожылі восеньскім кветкамі, ушанавалі яго песьнямі і карагодамі, абсыпалі зернем і семкамі. Дзяўчаты зьбіралі і лічылі зярняткі — будуць яны сёлета ў пары ці не.

Пасьля абраду пачаліся традыцыйныя танцы і агульны пачастунак.

Этнограф і бібліятэкар Алена Ведзь зазначыла, што «Жаніцьба коміна» — гэта абуджэньне рэпрадукцыйных сіл сусьвету. «У межах архаічнай культуры лічылася, што мікракосм-чалавек і макракосм-сусьвет жорстка ўзаемазьвязаны. Нашы продкі лічылі, што любая лякальная падзея выклікае сусьветную. Гэта ня проста жаніцьба коміна — гэта асьвячэньне, сакралізацыя, рэпрадукцыя ўсіх жыцьцёвых сіл», — дадала этнограф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0