Квант міласэрнасьці (Quantum of Solace)
ЗША – Вялікабрытанія, 2008, каляровы, 106 хв.
Рэжысэр: Марк Форстэр
Ролі выконваюць: Дэніэл Крэйг, Вольга Курыленка, Мацье Амальрык, Джудзі Дэнч, Джанкарла Джаніні
Жанр: баявік
Адзнака: 6 (з 10)

Джэймз Бонд (Дэніэл Крэйг) палюе за міжнародным нягоднікам Дамінікам Грынам (Мэцью Амальрык), які плянуе пераварот у Балівіі. Пры гэтым супэрагент выходзіць з‑пад кантролю спэцслужбаў — і стаецца чалавекам, апантаным прагай асабістай помсты. Ці знойдзецца ў душы цыніка‑забойцы квант міласэрнасьці?

Адноўлены Бонд Дэніэла Крэйга — надалей зьнішчае традыцыі бандыяны. Ягоны агент, які быў недасьведчаным і нават слабым у «Казіно «Раяль» — цяпер жорсткі цынік, які згубіў усялякія рысы былой чалавечнасьці дый з канвульсіўным холадам забівае кожнага й усіх. А звыклы глямур ня здольны схаваць духоўнай спустошанасьці й брыдоты.

Рэжысэр Марк Форстэр, які зьняў рэалістычна‑горкую драму «Баль пачвараў» і натхнёную «Чароўную краіну», знайшоў для свайго героя балючыя жэсты і ледзяныя фразы. Так, Джэймз Бонд па‑ранейшаму носіцца на аўто, гучаць выбухі, а бойкі галавакрутныя (і галаваломныя).

Але хто сказаў, што забойства па замове (дый не на замову) дзяржавы — гэта шпегаўская рамантыка? Што ламаць насы добра, а катаваць ворагаў дзеля высокіх мэтаў — хораша? Гэта брыдка, гнюсна й страшна — як выкінуць цела лепшага сябра ў памыйніцу (бедны Джанкарла Джаніні!)

Джэймз Бонд Марка Форстэра — гэта ўжо не герой, а машына забойства. «Джэмз, спыніцеся! Джэймз, вы забілі яго,» — крычыць кіраўнічка Бонда міс М (Джудзі Дэнч). Але машына ахоплена вязкай, як нафта, прагаю помсты. І нават традыцыйная дзяўчына Бонда (украінка Вольга Курыленка) — яму ня ў радасьць.

У новай бандыяне — і новыя міжнародныя акцэнты. Цяпер пагроза — двудушныя экалягічныя арганізацыі, якія прысабечылі галоўны заўтрашні рэсурс — пітную ваду. Нягоднікі мусяць быць пакараныя.

Але для асабістага ворага — хаця бы квант міласэрнасьці.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?