Дом Уладзіміра Караткевіча ў Оршы, які быў выстаўлены на продаж летам 2018 года, нарэшце знайшоў новага гаспадара.

Фота: Анжаліка Васілеўская, Tut.by.

Фота: Анжаліка Васілеўская, Tut.by.

Як стала вядома «Нашай Ніве», збудаванне выкупіў уладальнік сеткі крамаў «Пяты элемент» Андрэй Балабін.

Павел Тапузідзіс і Андрэй Балабін (справа). Фота: Вадзім Заміроўскі, Tut.by

Павел Тапузідзіс і Андрэй Балабін (справа). Фота: Вадзім Заміроўскі, Tut.by

Інфармацыю пацвердзіў былы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама па ідэалогіі Алег Смірноўскі, які быў даверанай асобай бізнэсмена падчас ажыццяўлення ўгоды. Пазней гэта спраўдзіў і сам Балабін.

«Лічу, што падтрыманне праектаў у галіне культуры — абавязак кожнага беларускага бізнэсмэна. 2018 год у Беларусі прысвечаны малой радзіме. Орша — горад, дзе я нарадзіўся, тут прайшло маё дзяцінства, гэта дарагое для мяне месца. Рады паўдзельнічаць у праекце, які папулярызуе мой горад і выдатных, таленавітых землякоў», — распавёў Андрэй Анатольевіч.

Балабін збіраецца рэканструяваць дом, вярнуць яму гістарычнае аблічча.

«У маіх мэтах — перадаць абноўлены дом-музей роднаму гораду. Планавы тэрмін: 26 лістапада 2020 года да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка», — удакладніў бізнэсмэн.

Балабін — ураджэнец Оршы. Ён адвучыўся ў аршанскай СШ №7, пасля скончыў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча і паступіў у Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча.

У рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнэсменаў Беларусі ён займае 133-е месца. У найлепшыя гады Балабін уваходзіў у топ-30 бізнэсменаў.

Балабін — намеснік старшыні Беларускай федэрацыі баскетбола. Фота: Аляксандр Карсакоў, Tut.by

Балабін — намеснік старшыні Беларускай федэрацыі баскетбола. Фота: Аляксандр Карсакоў, Tut.by

Раней дом, дзе Уладзімір Караткевіч напісаў аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», дзе гасцявалі Бураўкін і Барадулін, належаў сям'і пляменніцы пісьменніка. Апошнім часам у ім жыў яе муж Юрый Барабаш. Пасля яго смерці дом перайшоў дачцэ, але яна жыве ў Адэсе.

Яна выставіла дом на продаж за 33 832 рублі, аднак Балабіну ўдалося купіць за менш як утрая. Кошт угоды — каля 10800 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?