29 кастрычніка ў Брэсцкім абласным судзе абвясцілі прысуд 35-гадовай жыхарцы Пінска, якая абвінавачвалася ў забойстве дзіцяці з асаблівай жорсткасцю.

Суд прызнаў жанчыну вінаватай і прызначыў пакаранне 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Паводле версіі абвінавачвання, 35-гадовая пінчанка аб сваёй цяжарнасці даведалася прыкладна ў маі мінулага года. Яна прамаўчала пра сваё становішча і не стала на ўлік у медыцынскую ўстанову. 26 студзеня 2018 года жанчына нарадзіла жыццяздольную дзяўчынку, у якой адсутнічалі заганы і анамаліі развіцця, несумяшчальныя з жыццём. Пасля родаў мама нанесла малой не менш за 49 цялесных пашкоджанняў рукамі і «неўстаноўленымі прадметамі» па галаве, грудзях, тулаве, руках і нагах. Нованароджаная дзяўчынка атрымала шматлікія траўмы, але яшчэ была жывая. Тады абвінавачаная рукамі закрыла малой нос, рот і сціснула шыю — дзяўчынка памерла ад механічнай асфіксіі.

Затым абвінавачаная схавала труп у сумку, каб незаўважна вынесці яго з кватэры, але не паспела. Каля 18.30 яе з кватэры павезлі медыкі з-за крывацёку. Медыкі паведамілі пра здарэнне ў міліцыю, і да пацыенткі выехала следча-аператыўная група. Падчас агляду кватэры следчыя выявілі ў жаночай сумцы загорнуты ў пакет труп нованароджанай дзяўчынкі.

Згодна з заключэннем комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, абвінавачаная магла ўсведамляць фактычны характар сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

У судзе пінчанка сваю віну прызнала часткова. Яна не пагадзілася з тым, што наўмысна пазбавіла жыцця сваю дачку. Па яе версіі,з-за слабасці яна выпускала з рук дзяўчынку і сама часта падала.

- Я ўпала на малую … некалькі разоў … І недзе я яе прыціснула сваім целам, — распавяла ў судзе абвінавачаная

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?