Вядучы Юрый Таболін расказаў «Нашай Ніве», чым скончыўся яго канфлікт з бізнэсоўцам Аркадзем Ізраілевічам.
Чытайце: Бізнэсмен Аркадзь Ізраілевіч уляпаўся ў чарговы скандал
Сутнасць канфлікту, які адбыўся 27 кастрычніка ў Мінску, была ў тым, што дарагая машына Ізраілевіча была прыпаркаваная на месцы для інвалідаў. У выніку Таболін, які меў права стаяць на гэтым месцы, падпёр «Бэнтлі» Ізраілевіча.
Са словаў Таболіна, праз паўгадзіны яму пазванілі са словамі «прыбяры машыну, а то не будзе чаго прыбіраць», а потым яшчэ і аблаялі ў духу «не дарма цябе прырода абдзяліла».
Праўда, Ізраілевіч сцвярджаў, што знаходзіўся за горадам. А машына, маўляў, была ў яго кіроўцы.
Чытайце: Ізраілевіч пра сітуацыю з інвалідам: «Я гатовы аплаціць яму аперацыю»
Як жа развязаўся канфлікт?
«На наступную раніцу мне прыйшло паведамленне ў фэйсбуку з выбачэннямі і прапановай прыехаць у кампанію Ізраілевіча па матэрыяльную падтрымку. Я адмовіўся, бо сам зарабляю грошы, — расказаў Таболін. — Ізраілевіч папрасіў прыняць сітуацыю і зразумець яго».
Юрый Таболін, фота з фэйсбука
Што азначае «зразумець яго»?
«Там не было сказана, што «званіў я», але было напісана «зразумейце правільна». Зрэшты, што ён выбачыўся — гэта сігнал таго, што ён разумее, што павёў сябе няправільна. А рэакцыя грамадства? Відаць, у многіх ёсць падставы для рэзкіх заяваў у ягоны бок і за межамі маёй сітуацыі. Я не хацеў выклікаць шал у адносінах да ягонай асобы, проста ў нас выявілася 30 агульных знаёмых у фэйсбуку. І калі я яго тэгаў, мне хацелася зразумець, чым абгрунтаваная такая пазіцыя і стыль размовы», — падсумаваў Таболін.
У яго другая група інваліднасці ад нараджэння, змяніць сітуацыю аперацыямі немагчыма.
Дарэчы, цікавы факт: званілі Юрыю з актуальнага тэлефоннага нумара Ізраілевіча. Але бізнэсмен парыруе гэта тым, што ў «Бэнтлі» ўбудаваны тэлефон, з якога можна званіць. Маўляў, ён сінхранізаваны з ягоным нумарам.





