Фота Волі Афіцэравай

Фота Волі Афіцэравай

З 1991 года на мапе свету існуе незалежная Рэспубліка Беларусь, якая не нясе непасрэднай адказнасці за злачынствы, здзейсненыя ў 1937-м саветамі. Дзяржава можа станавіцца на пазіцыю тых, хто расстрэльваў, пераймаць іх логіку і іх падман толькі ў тым выпадку, калі ёй з нейкіх цьмяных прычын самой хочацца за іх заступацца.

Бо ад яе гэтага не чакаюць. Ніхто не чакае. Насельніцтва не чакае, бо насельніцтву заўсёды нашмат больш важныя заробкі. Да таго ж шмат у каго прадзедаў пасеклі кулямі, то чаго б ім спачуваць катам? Еўропа не чакае, бо ёй, Еўропе, было б прасцей размаўляць з элітамі, якія разабраліся ў сабе і сваёй гісторыі. І нават Расія не «замаўляе» таго заступніцтва, бо Расія выбудавала сваю «новую савецкасць» праз вырачэнне ад заганаў «старой савецкасці». Логіка такая: савецкія НКУС і КДБ былі дрэннымі, мы гэта прызнаем, але мы — не НКУС і КДБ. І наш новы «Савецкі Саюз», з ягонымі ФСБ і ГРУ, будзе белым і пушыстым.

Так, мы зноўку ўступаем у гонку ўзбраенняў і на ўвесь свет кажам, што «рыхтуемся да вайны», але ж мы гэта робім з чыстага ліста і ад усяго сэрца. Бо на свежую галаву вырашылі, што гэта адзіны магчымы для нас напрамак думкі. Не можам мы без «Чапігі» з «Башыравым»! Але нікому тут не прыходзіць у галаву ляпнуць з экрана тэлевізара, што «ГУЛАГ стварылі фашысты». І я нават не ведаю, што б зрабілі з дзіваком, які б сказаў, што «ў ГУЛАГУ сканалі тыя, каго, можа, і трэба было забіць».

Беларускай дзяржаве ж чамусьці гэтая простая рэч — аддзяленне сябе ад НКУС — катастрафічна не даецца. Беларусь не проста святкуе стагоддзе камсамола — яна робіць выгляд, быццам гэта яна, Беларусь, той камсамол заснавала.

Незалежнасці 27 гадоў, камсамолу — 100, і нічога! Ва ўсіх усё зрастаецца. Але ў гэтым ёсць нешта большае за спробу выглядаць больш старажытнымі, больш абцяжаранымі традыцыямі і часам — большымі, чым мы ёсць насамрэч. Бо калі б рэч была толькі ў пагоні за штучнай спадчынай, пісалі б на плакатах «Беларускай міліцыі 630 гадоў», а не «Беларускай міліцыі 100 гадоў». Ягайла, «паспалітае рушанне» і г. д. — падставаў звязваць з сучаснасцю не меней, чым атаясамліваць сябе з савецкім НКУС. Але менавіта з НКУС, камсамолам, а не з ВКЛ ці Ягайлам яны сябе асацыююць.

І так, зразумела, што СССР ім родненькі, а ВКЛ ці Рэч Паспалітая — не. Але ж нават паўторную каланізацыю савецкай гісторыі можна было б ажыццявіць без уцягнення ў сваю будучыню крывавых праклёнаў чорных начэй 1937 года.

Чаму так трымаюцца за 1937-ы? Ці не таму, што ў любога тутэйшага прыхільніка «чырвоненькага» ў форумных баталіях раз-пораз абавязкова ўсплывае наган? У Нямеччыне кажуць, што ў любой лаянцы, якая цягнецца даўжэй за 15 хвілін, абавязкова хтось згадае Гітлера, каб абразіць суразмоўцу. У Беларусі спрэчка пра савецкае мінулае няўмольна па дасягненні пэўнай гучнасці віску выцягвае аргумент, што мы, маўляў, вас, сссук, яшчэ вывезем ў ярочак. Яшчэ паставім на ўскраек яміны. Яшчэ пульнём вам у патыліцу. Што ты за чырвоны, калі не марыш стаць камісарам? Што ты за камісар, калі хаця б раз не ўяўляў сябе на сцюдзёным ветры ў скуранцы да пят, з чапаеўскай шабляй падпахай, з пісталетам, з якога чпокаеш ворагаў народа?

Сённяшнім камсамольцам не прасцей прызнаць, што ў Курапатах ляжаць ахвяры НКУС, чым было гэта зрабіць камсамольцам савецкім. Ну сапраўды: дзіўна было б чакаць, што верныя ленінцы пагодзяцца з тым, што іншыя верныя ленінцы патапілі краіну ў юшцы.

Але я прапусціў момант, калі тыя «верныя ленінцы» раптам сталі ў Беларусі галоўнай інстанцыяй, што адказвае за сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Праглядаў фоткі «святочных мерапрыемстваў да 100-годдзя камсамола» з Твітара і Інстаграма і не мог зразумець: Хэлоўін? Касплэй? Адкуль яны ўзялі мар’яіванаўнаў з майго дзяцінства?

І як гэтыя Мар’і Іванаўны выкладаюць беларускую літаратуру? Беларускую гісторыю? Як кажуць пра саму беларускасць?

«Дзеці, сягоння мы будзем прахадзіць творчаства вялікага беларускага савецкага паэта Цішкі Гартнага, імям якога названа вуліца Жылуновіча, на каторай стаіць Адміністрацыя Завадскога раёна сталіцы, у якім знаходзіцца наша школа. Цішка Гартны работаў рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», якая выходзіць і сягоння. Напісаў першы беларускі раман «Сокі цэліны». У наябры 1936-га года… ён быў… арэстован за связь з фашысцкімі і нацдэмскімі элементамі… І за гэта яго… справядліва поўнасцю, я шчытаю. У Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу. Дзе ён… Так сказаць… Ой… Нешта душна тут… Ну, кароча, вы самі разумееце. Заўтра прыходзьце на мерапрыяціе па 100-лецію абразаванія Ленінскага камсамола»

Стагоддзе камсамола супраць Ночы расстраляных паэтаў. Усё як было 81 год таму. Адны адкрываюць шампанскае, іншыя імкнуцца ў цемру, на холад, пад дождж. Усюды гэтае дужанне ўжо скончылася: на ўсходзе ад нас перамог «новы камсамол», на поўдні, поўначы і захадзе — «Ноч расстраляных паэтаў». Мы ж мусім кожны год праходзіць праз выпрабаванне. Мы ж кожны год мусім назіраць, як камсамол узбіраецца на высокія трыбуны, а страчаныя творцы застаюцца ў сутонні народнай памяці.

Уявіце сабе якую-небудзь дзіўную мелодыю, напісаную стагоддзі таму. Напрыклад, мадрыгал «Zefiro torna e’l bel tempo rimena» Клаўдыя Мантэвердзі. А зараз уявіце, што чалавецтва не вынайшла спосабу занатаваць гэтыя цудоўныя шматгалоссі. Што нотнай граматы не існуе ў прыродзе. І што, прагучаўшы адзін, два, дзесяць разоў — аж покуль не памрэ апошні чалавек, які памятаў пра яе, — гэтая мелодыя знікне назаўсёды. Расстраляная паэзія для мяне — нешта гэтага кшталту. Калі вы не збіраецеся ў Курапаты ў ноч з 29-га на 30-га — хаця б адкрыйце вершы Жылкі ці Дудара ды пачытайце. Бо пакуль вы іх чытаеце, яны жывыя.

Дзяржаве ж самы час схаваць наган і скуранку куды далей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?