Аркадзь Ізраілевіч абдымае жонку. Фота з інстаграма alena_kuzmina_k.
Апошнія паўгода бізнэсмен Аркадзь Ізраілевіч прыцягнуў да сябе ўвагу СМІ і грамадскасці. Найперш праз сваю пазіцыю па рэстаране «Паедзем, паядзім» у Курапатах. Ізраілевіч кажа, што не ўкладваўся ў гэты бізнэс, але ўсяляк абараняе ўласнікаў установы.
Некалькі разоў сам Ізраілевіч прыязджаў у «Паедзем, паядзім», дзе ствараліся канфліктныя сітуацыі з абаронцамі. Таксама бізнэсмен падаў у суд на газету «Новы час», якая нібыта яго абразіла, але прайграў працэс.
Ізраілевіч ахвотна дае інтэрв’ю і каментары сайтам па сітуацыі ў Курапатах. Напрыклад, у інтэрв’ю «Белгазеце» ён сказаў, што, магчыма, у Курапатах ляжаць тыя, каго варта было расстраляць.
У сярэдзіне кастрычніка 54-гадовы Аркадзь Ізраілевіч зладзіў шыкоўную цырымонію вяселля ў турэцкім Белеку, гэта прыгарад Антальі. Новай абранніцай бізнэсмена стала 28-гадовая мадэль Маргарыта. Афіцыйна пара распісалася 20 ліпеня, але святочныя мерапрыемствы адклала на некалькі месяцаў.
Сам Аркадзь Ізраілевіч расказваць пра вяселле адмовіўся. «Я не палітык. Навошта дражніць галодны народ? Усе мае грошы заробленыя сумленна, можаце спытаць у падатковай», — адказаў «Нашай Ніве» Ізраілевіч. Мы спыталіся,
ці праўда, што з Мінска ў Турцыю на вяселле паляцела аж два самалёты гасцей, у тым ліку высокіх дзяржаўных чыноўнікаў? «Няпраўда, быў адзін самалёт», — адказаў Ізраілевіч.
Цырымонія адбывалася ў шыкоўным пяцізоркавым гатэлі Rixos Premium. «З усіх нумароў адкрываецца цудоўны від на Міжземнае мора і гай фісташкавых дрэваў», — гаворыцца ў апісанні гатэля на сайце booking. Ноч у такім гатэлі каштуе больш за 300 даляраў.
З інстаграма жонкі Ізраілевіч вядома, што на вяселлі спяваў расійскі гурт «Іванушкі». «Кожная песня — хіт. Дзякуй, што ўпрыгожылі наша свята», — напісала ў сваім інстаграме Маргарыта Ізраілевіч.
«Чаму мы абралі менавіта Турцыю? У шмат каго было такое пытанне, але ўсё вельмі проста: у кастрычніку тут выдатнае надвор'е, нікому з гасцей не патрэбная віза, і можна замовіць прамы самалёт і прывезці ўсіх сюды без якіх-небудзь праблем, што мы і зрабілі», — адзначыла Маргарыта.
Для Аркадзя Ізраілевіча гэта не першы шлюб. Цяпер ягоная жонка ўдзельнічае ў конкурсе «Місіс Беларусь».





