Выходзіць у пракат першы беларускі псіхалагічны трылер «Унутры сябе». Першы паказ адбудзецца 6 лістапада ў Доме кіно.

У галоўных ролях прыгажунчык Павел Харланчук, абаяльны Ігар Сігоў і па-скандынаўску шэры, сталёва-пахмурны Мінск.

Рэжысёр фільма Сяргей Талыбаў («Сляды апосталаў») падкрэслівае: «Кіно — гэта Бергман, гэта Таркоўскі, а мы знялі не кіно, а фільм».

Стваральнікі патрацілі на здымкі 100 тысяч даляраў, столькі ж уклалі ў маркетынг.

Спадзяюцца зарабіць на пракаце ў Беларусі і за межамі (ва Украіне правы на паказ ужо набыла «Inter Media Group») - і інвеставаць у новыя праекты.

Фільм рабіла выключна беларуская каманда, здымалі ўсяго дванаццаць дзён. Грошы на здымкі далі беларускія прадзюсеры, дзяржава ў трылеры ніяк не паўдзельнічала (напэўна, і добра).

Сучаснаму гледачу, выхаванаму на звышякасным еўрапейскім, амерыканскім, выкшталцоным скандынаўскім кіно, вынесці прагляд беларускага фільма (як і большасці расійскіх ды ўкраінскіх) вельмі, вельмі цяжка. Няўмелыя дыялогі, нягеглыя жэсты ды ўвогуле, як то пішуць у інтэрнэце, «чаму іграюць яны, а сорамна мне?»

Але «Унутры сябе» паказала, што, здаецца, выходзім-такі на ўзлёт. Акцёры нашы пазбаўляюцца тэатральнасці, пачынаюць іграць «па-кіношнаму». У параўнанні са «Слядамі апосталаў» выглядаюць натуральна, размаўляюць амаль жыццёвымі інтанацыямі.

Сюжэт: фатограф Максім (Павел Харланчук) атрымлівае замову тэрмінова зняць акно дома на рагу Ракаўскай і Вызвалення. Робячы фота, ён раптам стае сведкам забойства.

Фіксуе ўсё на плёнку. Але калі праяўляе, аказваецца на здымках толькі пустое акно… Блізкія раяць Максіму звярнуцца да псіхіятра, і толькі следчы - герой Сігова - спрабуе адшукаць у здарэнні нейкую логіку…

Сюжэт бадзёры. Інтэр'еры - залюбуешся (не саступаюць дацкім фільмам, якія называюць «мэблевым порна»).

А які атмасферны, аказваецца, наш горад! Так, шэры - але хто думаў, што шэрасць можа быць такой стылёвай!

Варта паглядзець кіно хаця б для таго, каб пагуляць з сябрамі ў гульню «хто пазнае больш месцаў». Не буду раскрываць, што пазнала. Скажу толькі пра старадаўні цагляны будынак у Ракаўскім прадмесці, вядомы сярод мінчукоў як Дом з мязузай (ля дзвярэй тут захоўвалася мязуза — ніша для фрагментаў Торы, яна ёсць у кожным яўрэйскім жытле). Ён атрымаў, дзякуючы фільму, новую легенду.

І для тых, у каго ў кінатэатрах зацякаюць калені: стваральнікі паабяцалі выпусціць таксама і двухсерыйны тэлефільм. Дзякуй, чакаем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?