Разам з Букмекерскай канторай Марафон працягваем сачыць за нашай вышэйшай лігай.

У сераду прайшлі разборкі топаў табліцы. БАТЭ здолеў атрымаць валявую перамогу ў Брэсце і, дзякуючы паразе «Віцебска» ў Салігорску, на 99% гарантаваў сабе чарговы тытул чэмпіёна Беларусі. Каб фактычна аформіць перамогу ў вышэйшай лізе, дастаткова будзе зарабіць хаця б адзін турнірны бал у апошніх чатырох турах.

Паразай каманды з поўначы краіны не здолела скарыстацца мінскае «Дынама». Нулявая нічыя ў Жодзіне — і чацвёрты радок табліцы, на які таксама працягваюць паляванне «Тарпеда-БелАЗ» і брэсцкае «Дынама».

Цяпер падрабязней пра гульні 27-га тура.

«Мінск» — «Гарадзея»

У папярэднім туры абедзве каманды дамагліся буйных перамог. «Мінск» з лікам 3:0 адолеў «Іслач», што дазволіла амбітнай камандзе Лухвіча падняцца на дзявяты радок табліцы.

«Цукровыя» ж дзякуючы хэт-трыку Бояна Дубаіча аформілі чацвёртую запар паразу «Смалявічаў» і першую з лета перамогу для сябе, якая амаль забяспечыла «Гарадзеі» працяг гастроляў у вышэйшай лізе на наступны год.

Паглядзім, чыя пераможная серыя працягнецца ў пятніцу.

Прагноз «НН»: перамога «Мінска».

«Віцебск» — «Дынама-Мінск»

Мінскаму «Дынама» ніяк нельга прайграваць. Параза адкіне каманду Гурэнкі яшчэ далей ад медалёў і наблізіць канкурэнтаў за чацвёрты радок, у якіх у гэтым туры даволі лёгкія супернікі.

«Дынама» не перамагло ў Жодзіне, а Сяргей Гурэнка быў вельмі незадаволены судзействам. Фота ФК «Дынама-Мінск».

У той жа час тая ж праблема і ў «Віцебска». У бітве за «срэбра» падначаленыя Ясінскага саступілі, цяпер новая бітва — за «бронзу». Перамога — шлях адкрыты, нічыя — таксама няблага, з улікам нескладаных супернікаў у апошніх трох турах, а вось параза прымусіць «Віцебск» спадзявацца не толькі на свае сілы.

Прагноз «НН»: «Віцебск» не саступіць.

«Дынама-Брэст» — «Іслач»

Сустрэча самай яскравай каманды нашага футбола з адной з самых бляклых.

У «Дынама» усё менш часу і магчымасцяў заскочыць у апошні еўракубкавы вагон — трэба абавязкова перамагаць «Іслач» і спадзявацца на няўдачу мінскага «Дынама» ў Віцебску.

Прагноз «НН»: «Дынама» пераможа.

«Слуцк» — «Тарпеда-Мінск»

Букмекеры ўпэўнена вызначаюць «Слуцк» фаварытам гульні. Але не ўсё так проста: «Слуцк» прайграў апошнія пяць матчаў у чэмпіянаце і чатыры хатнія гульні. Яўгена Шыкаўку, які не забівае паўтара месяцы, абагнаў у спісе бамбардзіраў Павел Савіцкі і нагнаў Антон Матвеенка.

У папярэднім туры случчакі здолелі без шанцаў прайграць «Дняпру», які дагэтуль не ведаў перамог з красавіка.

«Тарпеда» — неблагі варыянт, каб нарэшце перарваць ганебную серыю, але разбітая псіхалагічна каманда Віталя Паўлава можа раскалоцца аб звышматываваны калектыў Уладзіміра Нявінскага, які працягвае барацьбу за выжыванне.

Прагноз «НН»: тотал меншы за 2,5.

«Дняпро» — «Тарпеда-БелАЗ»

19-гадовы Арцём Канцавы становіцца новай зоркай «Дняпра». Фота ФК «Дняпро».

У «Дняпра» пасля перамогі над «Слуцкам» з'явіўся невялічкі шанец на выратаванне. Але як з'явіўся, так можа і знікнуць пасля наступнай гульні, бо жодзінцы гэтак жа проста, як случчакі, здавацца не будуць. 

Прагноз «НН»: перамога «Тарпеда».

БАТЭ — «Нёман»

Выдатная магчымасць для БАТЭ адсвяткаваць чэмпіёнства ў родных сценах і пераключыцца на еўракубкавыя задачы.

«Нёман» ужо, здаецца, усе задачы вырашыў — з сёмага радка каманда Ігара Кавалевіча ўжо не зрушыцца, таму чакаць подзвігаў нядзельным вечарам не варта.

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.

«Прамень» — «Шахцёр»

Каманды вырашаюць дыяметральна супрацьлеглыя задачы. «Шахцёр» вярнуў фаварыцкі статус у пагоні за «срэбрам», а «Прамень» яшчэ на адзін бал адарваўся ад зоны вылету, дагнаўшы «Смалявічы».

«Шахцёр» — галоўны прэтэндэнт на «срэбра». Фота ФК «Шахцёр».

Адарвацца яшчэ больш будзе вельмі складана, але паўтору першакругавага разгрому (у Салігорску было 0:4) ужо дакладна не будзе.

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».

«Смалявічы» — «Гомель»

Афіша гэтай гульні была б вельмі актуальнай для Хэлаўіна. Уявіце сабе: позняя восень, працоўны дзень, аграгарадок Кастрычніцкі і гульня дзвюх каманд, якія ўжо даўно кінулі барацьбу.

Думаецца, што, калі б была магчымасць дамовіцца аб нічыёй і нікуды не ехаць, — абедзве каманды былі б не супраць. Але прыйдзецца гуляць, спадзявацца на бескампрамісную барацьбу не даводзіцца.

Прагноз «НН»: тотал меншы за 2,5.

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах! Лічыце сябе экспертам у беларускім футболе — зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру