Былы форвард турынскага «Ювентуса» і зборнай Італіі Вінчэнца Яквінта быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта паведамляе Football Italia.

38-гадовага спартсмена прызналі вінаватым у незаконным захоўванні зброі. Першапачаткова Яквінту абвінавачвалі ў сувязях з мафіяй, аднак абароне ўдалося яго апраўдаць.

Бацька Яквінты, Джузэпэ таксама праходзіў абвінавачаным па справе, і яго дачыненне да спраў мафіі атрымалася даказаць. Мужчыну прысудзілі да 19 гадоў турэмнага зняволення.

Яквінта захоўваў рэвальвер Magnum, а таксама пісталет Browning разам з боепрыпасамі па просьбе бацькі, якому гэта было забаронена рабіць яшчэ ў 2012 годзе з-за сувязяў з крымінальнымі коламі. Згодна з законам, у былога футбаліста ёсць магчымасць пазбегнуць зняволення. Яму дадзена права абскардзіць прысуд.

Яквінта завяршыў кар'еру футбаліста ў 2012 годзе. У складзе зборнай Італіі ён стаў чэмпіёнам свету ў 2006-м. Форвард вядомы па выступах за «Ювентус» і «Удынэзэ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0