Як паведамляла «Наша Ніва», 30 кастрычніка быў затрыманы бізнэсмен Аркадзь Ізраілевіч. Па папярэдняй інфармацыі, адбылося гэта пры спробе дачы хабару для ўрэгулявання бягучых будаўнічых патрэб.
Факт затрымання пацвердзілі і блізкія да Ізраілевіча людзі.
Але якое ведамства ім займаецца? Дагэтуль невядома.
«Яго затрымлівалі не мы», — кажуць у КДБ. У Следчым камітэце справы супраць Ізраілевіча таксама няма. Не праходзіў ён і па лініі Дэпартамента фінансавых расследаванняў.
Мінская міліцыя пра гэта таксама нічога не ведае.
Праўда, застаецца Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, але ў цэнтральным апараце МУС кажуць, што інфармацыя правяраецца, і ў разе пацверджання будзе апублікавана афіцыйна.