Фота Яўгена Ерчака, facebook.com

Фота Яўгена Ерчака, facebook.com

У новым спектаклі Вячаслава Іназемцава выкарыстоўваецца шмат цыркавой стылістыкі, і раптам прыходзіць разуменне, наколькі эстэтыка цырка яму блізкая. Але не ўмоўнага «сонечнага» цырка. Цырк Іназемцава цёмны, постапакаліптычны, дзе перамога зла ці дабра адно над адным ёсць толькі часовымі зменамі святла і ценю.

Прастора былога цэха Ок16 выкарыстана ад сцяны да сцяны. Выкарыстанае тэхнічнае абсталяванне, а менавіта пад'ёмны кран, без яго спектакль, мабыць, не адбудзецца, так часта ён задзейнічаны. Дый сам спектакль зроблены менавіта ў індустрыяльнай стылістыцы. На самым пачатку працоўныя выстаўляюць цыстэрны, і ўжо потым паступова з'яўляюцца персанажы, назавём так, пазнавальныя для спектакляў Іназемцава.

Спектакль называецца «Генезіс. Паходжанне відаў», і ў матэрыяле вельмі вольна пераказваецца стварэнне свету. Можна хіба здагадвацца, хто з персанажаў увасабляе анёлаў, чорта і гэтак далей — ролі наўмысна заблытаныя, Іназемцаў ніколі не пераказвае гісторыю, а перастварае яе.

Фота Яўгена Ерчака, facebook.com

Фота Яўгена Ерчака, facebook.com

Фота Яўгена Ерчака, facebook.com

Фота Яўгена Ерчака, facebook.com

Па сутнасці, у спектакля ёсць сюжэт, які можна пераказаць, але для гэтага трэба назваць тых істотаў, якіх выяўляюць артысты, навесіць нейкія ярлыкі. А гэта адразу збядняе ўспрыманне спектакля, дзе адной з каштоўнасцей з'яўляецца вось гэтая свабода інтэрпрэтацыі. Цікавым у Іназемцава, як правіла, аказваюцца зусім не сюжэтныя павароты, а канкрэтныя моманты, дзе артысты пражываюць, існуюць у змушаных абставінах.

Пасля пралогу з цыстэрнамі, з'яўляюцца два артысты ў скураных плашчах і зварачных масках на хадулях і выцягваюць вялізнымі ланцугамі цэхавы пад'ёмны кран. Вось прыклад таго, пра што я кажу. Я апісаў сцэну, і ў гэтым апісанні губляецца тое, як цяжка цячэ час у гэты момант, як павольна з'яўляюцца гэтыя два героі, ці то анёлы, ці то Адам і Ева. Яны прыкаваныя да крана сваімі ланцугамі і не могуць з яго вырвацца, але, з іншага боку, дзякуючы ланцугам яны трымаюцца так высока і могуць узняцца. Праз прарэхі плашча мы бачым, як працуюць іх цягліцы. Гэтае назіранне за асэнсаваным напружаннем каштоўнае само па сабе, нейкае дадатковае асэнсаванне таго, што менавіта адбываецца, наўрад ці дадасць яму каштоўнасці. Сусвет ствараўся з вялікімі высілкамі. І хто б да гэтага не спрычыніўся, найвышэйшыя сілы ці папярэднія формы жыцця, паводле Іназемцава, у іх дзеяннях не так шмат было творчасці і свабоднай волі. Стварэнне было нечым абумоўлена, вось гэтым ланцугом, што мацуе герояў да столі.

Цягам дзеі на сцэну вывозяць невялікі шар, зроблены з дроту. На дзіва праз нейкі час высвятляецца, што ў ім месцілася істота, падобная да жывёліны ці чорта (бо з хвастом). Але даючы назоў персанажу артысткі Таццяны Сурковай-Бэкет, мы нібыта адмаўляемся ад шматлікіх цікавых трактовак. Гэта якраз той выпадак, калі персанаж не выяўляецца, а ствараецца. Яе цела нібыта «выцекла» з дротавага шара, яна ашчырылася на прысутных, адагнала персанажаў на хадулях, паспрабавала ўзняцца на ногі. Вар'яцкі позірк, нечалавечая пластыка, расфарбаваны паўпразрысты касцюм — ці не самае цікавае, калі артысту ўдаецца выявіць нешта па-за чалавечае. Страх, агрэсія — першабытныя пачуцці, якія мы так часта адчуваем, раптам ачужаюцца. Для таго, каб выявіць чалавечае ў сабе, варта глядзець такія спектаклі.

Раптам загучала цыркавая музыка, з'явіўся цыркавы дрэсіроўшчык, які пачаў пугай і цукеркамі прымушаць незразумелую істоту рабіць тыя ці іншыя цыркавыя трукі. Далей спектакль набыў канфлікт, з абстрактнай гісторыі пра з'яўленне новых відаў спектакль зрабіўся выявай вайны цёмных і светлых сіл, якія ўзняліся на баку істоты. Усё, як часта бывае ў Іназемцава, скончылася ўсеагульным танцам-карнавалам, які нейкі час рабіўся ўсё больш і больш вымушаным. Гэтая інтанацыя натужлівага свята як сімвала папулярнай культуры, якая, мы спадзяваліся, прымірыць усіх паміж сабой. Але ж гэта толькі ілюзія прымірэння.

Іназемцаў умее ў сваіх спектаклях не спрашчаць, калі не пазбягаць складанасцей, яго артысты шчыра і падрабязна, а галоўнае творча існуюць у такой тэме, як стварэнне свету. І толькі так і можна пра яе казаць, бо інакш яна будзе выглядаць павярхоўнай і банальнай. А так зрабіць сёння спектакль пра амбівалентнасць зла і дабра выглядае нават грамадзянскім учынкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?