Блогер і журналіст Зміцер Галко з’ехаў у Марыупаль. У Беларусі бліжэйшым часам ён мусіў пачаць адбываць чатырохгадовы тэрмін зняволення на «хіміі» за гвалт у дачыненні супрацоўніка міліцыі.
У каментары «НН» Галко расказаў, што з’ехаў ва Украіну абсалютна легальна. Перад гэтым ён узяў даведку ў Галоўным дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі. Ніякіх забаронаў на выезд на яго не накладалася.
«Ва Украіну я трапіў на звычайным рэйсавым аўтобусе. Мой пашпарт правяралі не болей, чым у астатніх. Ніякіх спецаперацый не было», — сказаў Зміцер Галко.
У Беларусь Галко вяртацца бліжэйшым часам не плануе. «Магчыма, калі толькі будуць нейкія змены. Я паспрабаваў даказаць, што не вінаваты, але чым гэта скончылася, усе бачылі», — сказаў журналіст.
Гісторыя пачалася летась у канцы лістапада. Калі непаўналетні сын Змітра Ян адзначаў свой дзень нараджэння, дзе прысутнічаў і бацька. Паводле версіі міліцыі, у кватэры была гучная музыка, таму нехта выклікаў участковага. Калі ўчастковы з’явіўся, то ў яго нібыта адбылася сутычка са Змітром, у выніку якой у міліцыянта быў пабіты мабільнік. Сам Галко казаў, што проста ўзяў міліцыянта за рукі, ніякай бойкі не было.
У Марыупалі жыве жонка Змітра Юлія Гаркуша, а таксама сын Нестар.