Жыхарка Мінска Кацярына Юкоўская ўваходзіць у бацькоўскі камітэт гімназіі №31. Яе малодшая дачка вучыцца тут у 5-м класе, старэйшая дачка скончыла гэтую ж гімназію два гады таму, піша Радыё Свабода.

30 кастрычніка Свабода апублікавала запіс, на якім вучняў адной з клясаў 31-й гімназіі настойліва пераконваюць уступаць у БРСМ. Голас, падобны да голасу намесьніцы дырэктара гімназіі па выхаваўчай працы Інэсы Ахрамовіч, настойліва рэкамэндуе вучням увайсьці ў БРСМ, каб ня мець праблемаў пры паступленьні ў ВНУ.

Сытуацыю вакол скандальнага запісу Свабодзе пракамэнтавала маці адной з вучаніц 31-й гімназіі, удзельніца бацькоўскага камітэту Кацярына Юкоўская.

«Мая старэйшая дачка цяпер вучыцца ў ліцэі БДУ, у 31-й гімназіі адвучылася 9 клясаў, — кажа Кацярына Юкоўская. — Уступаць у БРСМ іх запрашалі. Але ніякага гвалту, нічога такога не было. Я насамрэч вельмі зьдзіўленая. Магчыма, гэта ўчынак такі аднаго з бацькоў. Магчыма, нейкі канфлікт адбыўся — усё можа быць. Нічога дрэннага я не магу сказаць пра гімназію. Яны ўсіх запрашаюць уступаць у БРСМ, я нават ня супраць. Чаму не? Калі хто хоча, то гэта жаданьне кожнага. Але ў нашым выпадку ніякіх пагрозаў і прымусу не было».

Па словах Кацярыны Юкоўскай, яна ведае ў гімназіі ўсіх, там вырасла адна яе дачка і расьце другая. Уражаньні ад гімназіі толькі станоўчыя, і нічога дрэннага яна сказаць ня можа. А апублікаваны запіс можа быць вынікам канфлікту паміж супрацоўніцай гімназіі і некім з бацькоў.

«Вядома, такія мэтады, як на запісе, недапушчальныя, — мяркуе Кацярына. — Але вы ж самі разумееце — запісаць можна што заўгодна. Чалавека можна давесьці. Настаўнік — гэта складаная прафэсія. Бываюць зрывы. Але, вядома, такія паводзіны недапушчальныя. Я асабіста не знаёмая зь ёй (з Інэсай Ахрамовіч), яна намесьніца дырэктара па выхаваўчай працы. Не магу вам нічога сказаць. Калі гэта насамрэч было так, то я гэта не ўхваляю, вядома».

У адміністрацыі 31-й менскай гімназіі сытуацыю з «заганяньнем у БРСМ» не камэнтуюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?