Вольга Ўгрыновіч у новай арт-прасторы

Вольга Ўгрыновіч у новай арт-прасторы

У гістарычным цэнтры Менску на вуліцы Інтэрнацыянальнай адкрылася новая арт-пляцоўка. Яе гаспадыня — вядомая керамістка, мастачка Вольга Ўгрыновіч. Гэта першы выпадак, калі хтосьці зь беларускіх творцаў замахнуўся на ўласны мастацкі дом.

50 квадратных мэтраў эксклюзіву

Кераміка з аўтарскім кляймом Ugrinovich добра вядомая ў Беларусі і за яе межамі.

Дагэтуль свае вырабы Вольга Ўгрыновіч выстаўляла каля менскай ратушы на плошчы Свабоды, дзе ў сэзон па выходных працуе мастацкі кірмаш. Таксама мае дамовы зь некаторымі галерэямі, гандлёвымі цэнтрамі, рэклямуецца праз уласны сайт і сацсеткі. Цяпер жа ў яе распараджэньні 50 квадратных мэтраў, аб’яднаных пад шыльдай «Мастацкі дом Угрыновіч».

Вольга Ўгрыновіч кажа, што заснавала мастацкі дом у памяць пра бацькоў, якія рана пайшлі з жыцьця, але перадалі ёй сваё майстэрства як мастакі. Тата Ўладзімер быў вядомым керамістам, мама Ларыса — мастачка па тканінах. Дачка кажа, што ўвабрала ў сябе таленты абаіх.

У арт-прасторы дзьве залі. У першай стэляжы з посудам: талеркі розных памераў, кубкі, вазы, падсьвечнікі, скульптуркі, гадзіньнікі і шмат усяго іншага.

Асаблівае месца тут займае калекцыя посуду «Гербарый»: папараць, рабіна, ліпа, клён, гартэнзія, палявыя кветкі, летнія травы. Гэта калі адбіткі традыцыйных для Беларусі расьлінаў «прарастаюць» на жывым пласьце глінянай масы — на посудзе адбіваецца сапраўдны, а не прыдуманы лісток, як расьліна з часоў нэаліту на каменных пародах.

Варты ўвагі і антураж: «выцягнутыя» зь нябыту аўтэнтычныя цагляныя сьцены ХІХ стагодзьдзя, уратаваная ад плястыку і пабелкі столь, аўтарскія дзьверы і вокны. Паўпразрыстая плітка хэнд-мэйд замест стальніцы, гэткае ж яркае падваконьне, да непазнавальнасьці відазьменены стол старой швейнай машыны.

Беларускі дух аўтарскіх рэчаў

Другое памяшканьне — уласна арт-пляцоўка, дзе мяркуецца ладзіць майстар-клясы, творчыя сустрэчы, выставы. Тут дэкаратыўная кераміка суіснуе з жывапіснымі карцінамі гаспадыні.

«Наогул гэтая крама радавая — мае бацькі таксама былі мастакамі, — кажа Свабодзе Вольга. — Таму і фармат кантактаваньня сямейны. У гэтым «арт-пакоі» можна правесьці час з роднымі, пагутарыць пад гарбату, адзначыць дзень народзінаў, стаць удзельнікам майстар-клясы. Я ў свой посуд не ўкладаю толькі сувэнірны зьмест ці ўжытковае прызначэньне. Перадусім гэта напамін пра шчасьлівыя моманты нашага жыцьця. Калі мы зьбіраем сьвяточны стол, узьнікаюць цёплыя ўспаміны, зьвязаныя з колішнімі бяседамі. Таму хачу, каб людзі, набываючы мае рэчы, зараджаліся пазытыўнай атмасфэрай».

Сярод першых гасьцей — адмыслоўцы, якія дапамагалі падняць з руіны занядбанае памяшканьне, каляжанкі па цэху, прыхільнікі яе таленту.

Завітала амбасадарка Швэцыі ў Беларусі Крысьціна Юханэсан — яны пасябравалі ля ратушы, міма якой кіраўніца дыпмісіі штодня ходзіць на працу. І адразу ж сарвала аплядысмэнты, пачаўшы вітальную прамову па-беларуску. Удакладніла, што мае ня толькі добры прыклад у асобе супрацоўніцы амбасады, сувядоўцы асьветніцкіх курсаў «Мова нанова» Алесі Літвіноўскай, але і шчырай беларускі Вольгі Ўгрыновіч.

«Практычна кожны тыдзень каля ратушы я набывала — а цяпер, спадзяюся, буду набываць яшчэ больш — штосьці для сябе, для сваёй сям’і, для сваіх сяброў, — кажа Крысьціна Юханэсан. — Так што толькі празь мяне працы Вольгі Ўгрыновіч сёньня знаходзяцца ў Швэцыі, Нямеччыне, Харватыі, Турэччыне, Расеі. Сваімі цудоўнымі творамі яна стварае цёплы, утульны сьвет, у які хочацца акунуцца. Тым больш для мяне, швэдкі, уся тая флёра, якая дамінуе на яе вырабах, вельмі добра знаёмая і нагадвае пра дзяцінства. Таму асабліва прыемна быць тут госьцяй. Віншую сардэчна!»

Тэма флярыстыкі разьвіваецца ня толькі ў згаданым «Гербарыі», а і ў іншых «сэрыялах»: наборы «Летапіс дрэва», «Матывы прыроды», «White and Gray». Асобны разьдзел прысьвечаны нацыянальнаму арнамэнту і гістарычнай сымболіцы: камплект посуду «Дзяньніца», кубкі і куфлі з гербам «Пагоня».

Адноўлены фасад 100-гадовай даўніны

Архітэктар-рэстаўратар Раман Забэла прыгадвае, колькі давялося прыкласьці намаганьняў, каб пераканаць чыноўнікаў вярнуць хоць бы кавалку фасаду яго аўтэнтычны выгляд. Паводле яго, у Менску амаль не засталося ўзораў драўляных вырабаў дарэвалюцыйнага часу, найперш вокнаў і дзьвярэй. І якое было зьдзіўленьне, калі прыйшла Вольга Ўгрыновіч і выступіла з ініцыятывай, як усё зрабіць гістарычна.

«Было вельмі прыемна, і мы з задавальненьнем дапамаглі аднавіць кавалак фасаду да таго ўзору, як ён выглядаў больш за 100 гадоў таму, — кажа ён. — Наогул характар будынкаў на гэтай вуліцы фармавалі прыватныя крамы — дзьверы былі літаральна праз кожнае акно. Пасьля вайны, калі ўжо ня стала патрэбы ў прыватнай уласнасьці, у камэрцыі, усё было перароблена, закладзена, горад страціў свой твар. І вось нарэшце першыя ластаўкі: нават там, дзе ўтылітарныя дзьверы былі не патрэбны, Вольга аднавіла характар дарэвалюцыйнай сталяркі. Тым прыемней зноў заходзіць у такі будынак».

Старшыня сэкцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага саюзу мастакоў Ірына Кузьняцова сябравала з бацькамі Вольгі і ня ўтойвае задавальненьня ад яе творчага росту.

«Калі я сюды ўвайшла, адчула і гонар, і зайздрасьць, — гаворыць мастачка. — Перадусім таму, што ніхто нічога падобнага ў нас яшчэ не зрабіў. Наогул мастакі вельмі складаныя людзі. Адны мараць зрабіць нешта такое, каб засталося на вякі. Але ў лепшым выпадку 10% іх прац трапляе ў музэі, а 90% пыляцца дома — каму і калі спатрэбяцца, невядома. Іншыя, наадварот, ідуць «прамысловым» шляхам»: як мага больш прадавацца. А наша Волечка аб’яднала цудоўныя якасьці: яна і творца, і адчувае, што сапраўды патрэбна людзям. Кожная яе рэч — твор мастацтва, у крамах такога ня знойдзеш».

Сама керамістка спадзяецца, што цяпер яе справа атрымае другое дыханьне. «Паходныя» ўмовы на гандлёвым развале пад ратушай непараўнальныя з гістарычным домам, дзе пасьля двух гадоў падрыхтоўчых работ цяпер прыпісаўся «Мастацкі дом Угрыновіч».

«Плошча Свабоды — досыць раскручанае месца, дзе я сустрэла шмат цікавых людзей, зь некаторымі, як з Крысьцінай, пасябравалі, — падсумоўвае Вольга. — Але фармат вось такой арт-прасторы як уласная брэндавая крама мае на ўвазе абсалютна іншы ўзровень кантактаваньня. Калі на вуліцы, як ні круці, гэта летняя кароткая сустрэча, то тут можна паказваць зусім іншы бок сваёй творчасьці. Пакуль мы працавалі ў тэставым рэжыме, нават зьвярнула ўвагу, што людзі набываюць прынцыпова іншыя рэчы, ім падабаецца ня тое, што выстаўляем ля ратушы. Ну і, па-першае, тут нашмат зручней і камфортней. Па-другое, ужо ня сорамна прывесьці гасьцей».

Вольга Ўгрыновіч паўжартам гаворыць, што сёньня яе кераміка падарожнічае па сьвеце больш, чым яна сама. Яна надзвычай усьцешаная, што тым самым дапамагае прасоўваньню сваёй радзімы як брэнда: усе яе рэчы — з выразна беларускім характарам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?