Нагадаем, раней міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка адзначаў, што ў Беларусі падаткавікі сёння валодаюць значнай колькасцю інфармацыйных баз аб даходах насельніцтва, пры гэтым існуе адна праблема: яны разрозненыя. І было вырашана стварыць інфармацыйную базу дадзеных аб даходах грамадзян.

А намесніца міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА паведаміла, што ў Беларусі стварылі інфармацыйную базу дадзеных аб даходах грамадзян. Гэтая база дадзеных цяпер выпрабоўваецца. Планавалася, што база цалкам пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2019 года.

Цяпер жа стала вядома, што парадак прадстаўлення звестак аб даходах грамадзян у Беларусі будзе зменены з 1 студзеня 2021 года. Гэта прадугледжана праектам змяненняў у Падатковы кодэкс.

Папярэдне вырашана, што падавацца звесткі будуць чатыры разы на год, кожны справаздачны квартал. Гэтыя дадзеныя будуць ўключаць звесткі пра ўсе віды налічаных даходаў (зарплата, дывідэнды, працэнты па банкаўскіх дэпазітах і г.д.). Даходы будуць кадавацца ў мэтах вызначэння характару выплат і прадстаўлення ў далейшым у Адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (АРІП).

«Прынцыповае адрозненне той базы дадзеных, пра якую казала Эла Аляксандраўна, у тым, што яна акумулюе і аб'ядноўвае на адной платформе ўсе гэтыя разрозненыя інфармацыйныя крыніцы, — адзначаў Сяргей Налівайка. — Па меры росту электроннага ўзаемадзеяння і інфармацыйных баз у іншых дзяржорганах, і ня толькі дзяржорганах, гэтая інфармацыя будзе альбо акумулявацца ў нашай базе дадзеных, альбо наша база будзе мець доступ у рэжыме анлайн да гэтых крыніц. Можа быць, будуць перагледжаныя некаторыя падыходы».

Міністр па падатках і зборах прывёў прыклад, што «нейкія справаздачы цяпер падаюцца ў Белстат або ФСАН, і гэтая інфармацыя адтуль будзе паступаць да нас (падаткавікам. — Заўвага. FINANCE.TUT.BY)».

«Ці наадварот: праз нейкі час будзе прынята рашэнне, што гэтыя справаздачы падаюцца толькі ў падатковую службу, а мы ўжо іх перадаем калегам. Хацеў бы звярнуць увагу на тое, што ў нас прынцыповы падыход да захавання падатковай таямніцы. Гэта вельмі сур'ёзнае патрабаванне, і прымаюцца ўсе захады для захавання гэтай нормы», — рэзюмаваў Сяргей Налівайка.

Стварэнне базы было прадугледжана прэзідэнцкім указам № 322 «Аб прадстаўленні безнаяўных жыллёвых субсідый».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0