У актыве беларускіх штангістаў на чэмпіянаце свету ў Ашгабаце (Туркменістан) з'явілася першая ўзнагарода па суме дваябор'я, піша TUT.BY.

Беларускі спартсмен Вадзім Ліхарад стаў бронзавым прызёрам ЧС-2018 у вагавой катэгорыі да 73 кг. Па суме дзвюх спроб ён паказаў вынік 343 (156+187) кг.

Вадзім Ліхарад і галоўны трэнер мужчынскай зборнай Беларусі Віктар Шаршукоў. Фота Беларускага цяжкаатлетычнага саюза.

Вадзім Ліхарад і галоўны трэнер мужчынскай зборнай Беларусі Віктар Шаршукоў. Фота Беларускага цяжкаатлетычнага саюза.

Золата ў кітайца Шы Чжыёна — 360 (164+196) кг, серабро ў паўднёвакарэйца Чжэонсіка Вона — 348 (153+195).

На актыве Ліхарада таксама малы сярэбраны медаль за вынік у рыўку (156 кг).

Каманда Беларусі выступае на чэмпіянаце свету ўпершыню з 2015 года, адбыўшы дыскваліфікацыю пасля пераправеркі допінг-проб з Алімпіяд 2008 і 2012 гадоў.

Чэмпіянат свету ў Ашгабаце — першы, які праходзіць пасля таго, як былі змененыя вагавыя катэгорыі. У сувязі з гэтым усе ранейшыя сусветныя рэкорды ануляваныя.

На ЧС-2018 у складзе зборнай Беларусі адправіўся алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў, які абвясціў аб завяршэнні кар'еры ў 2016 годзе, але нядаўна вырашыў вярнуцца на памост. Ён выступіць у катэгорыі да 109 кг. Арамнаў — адзіны з беларускіх штангістаў, хто не быў пазбаўлены медаля пасля пераправеркі допінг-проб Алімпіяд 2008 і 2012 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0