Тыя ўдзельнікі, чые рэалізаваныя праекты прызнаюць найцікавейшымі, выступяць на [email protected] і атрымаюць iPhone Xs. А галоўныя пераможцы паедуць на TEDx у Аўстрыю.

Адметнасць праекта velcom YOUTH: уся камунікацыя ад падачы заяўкі да прэзентацыі праекта ў фінале будзе ісці на беларускай мове.

Як будзе праходзіць адбор удзельнікаў

Падлеткам неабходна прапанаваць ідэю праекта ў адным з трох напрамкаў: тэхналогіі, культура або інклюзія.

Удзельнікам дадуць магчымасць узяць удзел у шэрагу воркшопаў, а пасля рэалізаваць сваю ідэю і зняць пра гэта ролік, які і будзе ацэньваць журы конкурсу. 10 фіналістам прапануюць выступіць на выніковай канферэнцыі [email protected] і прэзентаваць уласны праект публічна.

Хто і калі можа падаць заяўку

Заяўку на ўдзел можна адправіць па 11 лістапада ўключна.

У заяўцы трэба акрэсліць тэму і абгрунтаваць свой удзел у конкурсе velcom YOUTH.

Падавацца на конкурс могуць навучэнцы 10-х і 11-х класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Пасля разгляду ўсіх заявак будзе сфарміраваны спіс удзельнікаў наступных этапаў праекта.

Якія этапы чакаюць удзельнікаў

З 20 студзеня па 20 лютага 2019 года ўдзельнікі конкурсу змогуць рэалізаваць сваю ідэю: падрыхтаваць і правесці нефармальнае адукацыйнае мерапрыемства: майстар-клас, дэбаты або дыскусію па абранай тэме свайго праекту. Відэаролік з прэзентацыяй рэалізаванага праекта і доказам яго значнасці і перспектыўнасці неабходна будзе размясціць на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках з хэштэгам #velcomYOUTH і даслаць спасылку на адрас [email protected]

Аўтары самых значных, сучасных і арыгінальных праектаў патрапяць у лік 10 фіналістаў. Яны наведаюць TEDxMinsk 2019 і пачнуць працаваць над прэзентацыяй сваёй ідэі з найлепшымі ментарамі.

Выніковыя выступы адбудуцца на [email protected] у маі 2019 года. Усе 10 фіналістаў атрымаюць прызы — мабільныя тэлефоны iPhone Xs, а трое пераможцаў (па адным у кожным кірунку конкурсу) будуць запрошаныя на мерапрыемства TEDx у Аўстрыю.

Чытайце таксама:

Кім, Цікота, Маханёк… Вядомыя беларусы распавялі, што дапамагло ім стаць паспяховымі

Хто праводзіць конкурс

Сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH запусціла кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі, а таксама арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk.

velcom плануе падтрымку ўдзельнікаў праекта на ўсіх яго этапах. Кампанія зладзіць масавыя інтэрактыўныя анлайн-заняткі па тэмах «Мастацтва прэзентацыі», «Прамоўніцкае майстэрства», «Майстэрства лідара». Сустрэчы пройдуць на вялікай пляцоўцы з трансляцыяй на бясплатным адукацыйным канале лічбавага тэлебачання VOKA — VOKA YOUTH. Спікерамі выступяць заснавальнікі паспяховых беларускіх стартапаў і прафесіяналы ў адпаведных сферах, у тым ліку прадстаўнікі кампаніі velcom.

«У сучасным свеце межы паміж краінамі становяцца ўсё больш умоўнымі — калі гаворка ідзе пра ўзаемаадносіны, абмен ідэямі, пошук месца атрымання вышэйшай адукацыі ці працаўладкаванне.

З дапамогай праекта velcom YOUTH мы вырашылі прадэманстраваць падлеткам магчымасці для рэалізацыі іх патэнцыялу — і адначасова паказаць, што ідэі, народжаныя ў Беларусі, могуць з цікавасцю ўспрымацца за яе межамі і нават змяняць да лепшага свет на глабальным узроўні», — адзначае кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзелеў.

У аснове канцэпцыі праекта velcom YOUTH — выкарыстанне сучасных тэлекамунікацыйных каналаў для інтэрактыўнага ўзаемадзеяння са школьнікамі: менавіта з іх дапамогай удзельнікі конкурсу змогуць наведаць анлайн-воркшопы, прэзентаваць сябе і свае ідэі.

«Сёння мы можам назіраць зрух акцэнтаў ад традыцыйных формаў навучання ў бок інтэрактыўных метадаў, ад рашэння агульнаадукацыйных задач у бок ранняга выяўлення і развіцця прафесійных і гэтак званых надпрафесійных навыкаў: умення выбудоўваць камунікацыю, працаваць у камандзе, эфектыўна планаваць сваю дзейнасць. Праект velcom YOUTH дапаможа сённяшнім школьнікам знайсці найбольш эфектыўны шлях да паспяховай самарэалізацыі і зрабіць першыя крокі ў гэтым кірунку», — адзначае дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Беларусі Павел Ліс.

Пра TED

TED — сусветна вядомы фармат канферэнцый, першая з якіх адбылася ў 1984 годзе ў ЗША. Іх місія — прасоўванне ўнікальных ідэй. Сярод вядомых удзельнікаў TED-канферэнцый — Стыў Джобс, Стывен Хокінг, Біл Клінтан і іншыя.

TEDx — праект TED, які дазваляе асобным людзям ці групам людзей праводзіць незалежныя канферэнцыі ў фармаце і на ўмовах ліцэнзіі TED.

Першае мерапрыемства ў фармаце TEDx у Беларусі адбылося ў 2009 годзе. З таго часу было праведзена 7 лакальных прэзентацый.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру