5 лістапада супрацоўнікі Бараўлянскага спецлясгаса аднавілі два крыжы ў Курапатах, зламаныя падчас ранейшых работ. Пра гэта паведаміў кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі, піша Радыё Свабода.

«Сёньня з раніцы крыжы аднавілі. Працавалі пры мне. Замест вялікага крыжа каля дарожкі, які сьпілавалі падчас суботніка, паставілі зусім новы, у другога, які побач з кальцавой, замянілі пашкоджаную папярочку», — паведаміў Алесь Чахольскі.

Паводле актывіста, нявыпраўленым застаецца яшчэ адзін істотны недахоп, які выявіўся падчас будаўніцтва пешаходнай дарожкі ў Курапатах — ня знойдзена рашэньне для адводу вады з пляцоўкі паміж гэтай дарожкай і кальцавой. Але Алесь Чахольскі мяркуе, што праблему вырашаць.

«Гэтым цяпер займаюцца праектавальнікі, думаюць, як выправіць сваю хібу. Бо спачатку запраектавалі дарожку без адводу вады, спадзяваліся толькі на дрэнажную канаву пад кальцавой, але дажджы паказалі, што вада ўсё роўна зьбіраецца і ня сходзіць. Думаюць цяпер, што рабіць. Мы прапанавалі закласьці пад дарожкай трубу вялікага дыямэтру. Магчыма, гэта і будзе прынята. Чакаем рашэньня», — сказаў Алесь Чахольскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0