Мэрыя Варшавы забараніла марш нацыяналістаў, які павінен быў прайсьці ў горадзе 11 лістапада. У гэты дзень у краіне будуць урачыста сьвяткаваць сотую гадавіну атрыманьня Польшчай незалежнасьці, піша Радыё Свабода.

У 2012 годзе ў Польшчы ўпершыню з часоў сацыялізму заканадаўча дазволілі мясцовым органам улады накладаць забарону на публічныя мерапрыемствы — толькі зь меркаваньняў бясьпекі. Мэр Варшавы з лібэральнай партыі «Грамадзянская плятформа» Ханна Гранкевіч-Вальц некалькі гадоў запар не адмяняла штогадовага мітынгу нацыяналістаў.

Але кіраўніца польскай сталіцы, якая сыходзіць у адстаўку пасьля мясцовых выбараў, цяпер зрабіла гэта, абгрунтоўваючы сваё рашэньне недастатковымі магчымасьцямі варшаўскай паліцыі. На яе думку, паліцыянты не змаглі б забясьпечыць грамадзкі парадак падчас маршу.

Прадстаўнік варшаўскай паліцыі Сыльвэстэр Марчак у размове з польскай «Газэтай Выборчай» расказаў, што Гранкевіч-Вальц не абмяркоўвала сваё рашэньне зь Міністэрствам унутраных спраў і што яму нічога не вядома пра нейкія праблемы з тым, каб гарантаваць бясьпеку. Нацыяналісты ўжо заявілі, што зьбіраюцца правесьці мітынг насуперак забароне, і цяпер незразумела, хто будзе сачыць за грамадзкім парадкам у нядзелю, дадаў Марчак.

Марш нацыяналістаў у дзень незалежнасьці Польшчы арганізуецца ў Варшаве з 2010 года. Падчас маршаў рэгулярна гучалі расісцкія і антысэміцкія лёзунгі, нацыяналістаў таксама затрымлівалі за хуліганства і псаваньне маёмасьці. У 2011 годзе ўдзельнікі маршу падпалілі машыну польскага тэлеканалу TVN24, з якой журналісты вялі трансьляцыю мерапрыемства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0