Сілавікі затрымалі падазраваных у крывавым забойстве, якое адбылося ў 2005 годзе ў Бялыніцкім раёне, паведамляе магілёўскі партал 6tv.by.

Тады жорстка забілі цэлую сям’ю: загінулі чацвёра дарослых і двое дзяцей. Прычым падазраваных затрымліваюць ужо ў другі раз. 13 гадоў таму іх нават судзілі — але прызналі невінаватымі.

Само забойства адбылося ў вёсцы Вялікая Машчаніца. Тады знайшлі забітымі ў сваім доме шасцярых мясцовых жыхароў. Па вёсцы хадзілі чуткі, што сям’я нядаўна прадала кватэру і мае грошы. Маўляў, гэта і стала прычынай забойства.

Праз дзень затрымалі пяцярых маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў з гэтай жа вёскі, ім неўзабаве было прад’яўлена абвінавачванне ў забойстве. Расследаванне па справе цягнулася амаль паўтара года, пасля 11 месяцаў у Магілёўскім абласным судзе пад старшынствам суддзі Міхаіла Мельнікава ішоў судовы працэс.

Па выніках судовага разгляду пракурор патрабаваў для двух падазраваных расстрэл, для трох іншых — пажыццёвае зняволенне. Але ж у 2007 годзе калегія Магілёўскага абласнога суда апраўдала падазраваных — не хапіла доказаў віны.

Адзін з падсудных быў вызвалены з-пад варты ў зале суда, астатнія чацвёра былі пакараныя тэрмінамі зняволення ад 4 да 10 гадоў за іншыя злачынствы: крадзяжы, сэксуальныя дачыненні з непаўналетнімі, спробу згвалтавання, хуліганства.

Цяпер жа траіх з той пяцёркі зноў узялі пад варту. Яны нібыта знаходзяцца ў Мінску ў ІЧУ. Яшчэ дваіх пакуль не знайшлі.

Таксама ў аграгарадку Вялікая Машчаніца былі праведзены вобшукі ў некаторых са сваякоў затрыманых. Па словах мясцовых жыхароў, у прыватных гутарках супрацоўнікі міліцыі тлумачылі, што падставай для затрымання і вобшукаў сталі дадзеныя, атрыманыя з дапамогай найноўшых тэхналогій пры чарговым даследаванні рэчаў з месца здарэння.

Магілёўскія следчыя пацвердзілі «Нашай Ніве», што справу завялі ізноў, але падрабязнасцяў не ведаюць, бо раследаваннем займаецца Цэнтральны апарат СК. У Цэнтральным апараце пакуль не пракаментавалі сітуацыю.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру